Заяўкі на навагоднія віншаванні ад Дзеда Мароза пачала прымаць Белпошта

19 октября 2013

Паводле статыстыкі, кожны год гэтай паслугай карыстаюцца каля 40 тысяч беларусаў. Як атрымаць чароўнае пасланне, ведае Алеся Карпук.


Ідэя адпраўляць віншаванні ад Дзеда Мароза праз паштальёна ўзнікла яшчэ ў 90-х. Вельмі шмат лістоў дзеці дасылалі гэтаму казачнаму персанажу. Работнікі пошты вырашылі - Дзед Мароз павінен мець магчымасць адказваць кожнаму. Але, як высветлілася, да гэтага моманту яшчэ не ўсе беларусы ведаюць пра чароўную паслугу.


У ролі Дзеда Мароза, які піша лісты і высылае падарункі, зразумела, часцей за ўсё бацькі, старэйшыя браты ці сёстры, бабулі. Віншаванні знаходзяць адрасатаў з 25 снежня да 7 студзеня новага года. І калі раней віншавальны пакет быў стандартным, то сёлета можна разлічваць на варыянты.


Акрамя маляўнічага ліста з добрымі пажаданнямі, малыш можа атрымаць ад казачнага Дзеда цукеркі, набор навагодніх упрыгажэнняў ці плюшавы сімвал будучага года. Дарэчы, такім чынам павіншаваць з самым любімым зімовым святам можна нават дзяцей, якія жывуць за межамі нашай краіны.


Аформіць заяўку на віншаванне і гасцінцы ад Дзеда Мароза можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі да 20 снежня. Заказаць паслугу будзе па кішэні кожнаму. Бо самы бюджэтны варыянт падарунка каштуе ўсяго 25 тысяч рублёў.