Упершыню сталічная публіка ўбачыць оперны спектакль Станіслава Манюшкі Verbum Nobile - Слова гонару

28 мая 2013

Каханне, барацьба каштоўнасцяў і слова гонару - на адной сцэне. На генеральнай рэпетыцыі пабывалі нашы карэспандэнты.


Расказвае Аляксандра Драгун: Сусветная прэм'ера оперы Verbum Nobile адбылАся ў 1861 годзе ў Варшаве, дзе ў той перыяд жыў і працаваў Станіслаў Манюшка. Камедыйны сюжэт, яркасць музычных вобразаў і меладычнае багацце прынеслі спектаклю заслужаны поспех. Оперу паставілі ў адзін рад з лепшымі творамі кампазітара.


Старасць і гонар, маладосць і каханне - што пераможа? Сюжэт оперы расказвае пра шляхецкія звычаі жаніцьбы. Калі бацькі заключалі дамову аб вяселлі сваіх дзяцей, замацоўваючы яго Verbum Nobile - словам гонару двараніна.


Галоўную жаночую ролю - Зосі - выконвае маладая оперная салістка Музычнага тэатра Галіна Дубіцкая. Зараз яна вучыцца на 4-м курсе Акадэміі музыкі. Адмовіцца ад запрашэння спяваць на адной сцэне з такімі вядомымі вакалістамі, як Аляксандр Жукаў і Дзмітрый Капілаў - яна не змагла. Доўга ўжывацца ў вобраз не прыйшлося. Зося, на думку артысткі, адлюстраванне яе стану.


Галіна Дубіцкая, выканаўца галоўнай жаночай ролі Зосі ў оперным спектаклі Станіслава Манюшкі Verbum Nobile - Слова гонару: Характар у Зосі і наогул яе стан сапраўды мне блізкі. Яна вельмі светлы чалавек. Мне здаецца, што я таксама дастаткова светлы чалавек. Яна добрая, дзяўчына, якая заўсёды імкнецца дапамагчы навакольным. Дзяўчына з вострым розумам, што дапамагае вырашаць праблему ў нашай оперы.


Verbum Nobile - унікальная і своеасаблівая пастаноўка. Упершыню опера Манюшкі на сцэне Мінска і ўпершыню на беларускай мове.


Флейта, кларнет, валторна, фагот і струнны квінтэт ствараюць паветра на сцэне, якім дыхаюць акцёры і публіка. У гэтай оперы музычны ансамбль замест звыклай аркестравай ямы аддаў перавагу сцэне.


Прадзюсар правёў уласнае даследаванне публікі. Высветлілася, што стаўленне да оперы мае шэраг стэрэатыпаў. Маўляў, гэта доўга, нудна і сумна. Для большасці паход на канцэрт класічнай музыкі выклікае негатыўныя эмоцыі. Аляксандр Чахоўскі акрэслівае тып аўдыторыі, на якую разлічана прэм'ера оперы.


Да гэтага часу творчасць Манюшкі ў кансерваторыі праходзяць па курсе Замежная музыка. Але ён і наш народны здабытак. Нарадзіўся Станіслаў Манюшка ў Мінскім раёне, вучыўся ў Мінску. Маэстра заўсёды жадаў бачыць свае творы на беларускай сцэне. 30 мая і 5 чэрвеня яго мары здзейсняцца на пляцоўцы ля Палаца прафсаюзаў.