У краіне стартаваў міжнародны мотапрабег

5 сентября 2013

Тэст-драйв даўжынёй 10 тысяч кіламетраў. Ад Брэста да Душанбэ на айчынных матацыклах. У нашай краіне стартаваў шматдзённы міжнародны прабег, прысвечаны 10-годдзю стварэння АДКБ.


Падрабязнасці ў рэпартажы Аляксандра Хараўца.


Знаёмства з беларускай сталіцай для ўдзельнікаў мотапрабегу пачалося з самага сэрца Мінска. Мотапілоты ўшанавалі памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны - усклалі вянок і кветкі да манумента на плошчы Перамогі.


Калона недарожнікаў і мотатэхнікі праедзе па гарадах шасці краін - удзельнікаў АДКБ: Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстана. У прабегу ўдзельнічае каманда вопытных расійскіх байкераў на матацыклах новай распрацоўкі мінскага завода.


Мікалай Бардзюжа, Генеральны сакратар АДКБ: Я думаю, што прабег будзе цяжкім, пройдзе па стэпах Казахстана, гарах і перавалах Таджыкістана. Але я спадзяюся, што ён паспяхова завершыцца ў Душанбэ. Арганізацыя прапаведуе самы галоўны прынцып - калектывізм, сумесную дзейнасць на карысць нашых народаў.


Аляксандр Бардзюжа - удзельнік мотапрабегу - страляе са знакамітай вінтоўкі Мосіна толькі ў знак міру. У гісторыка-культурным комплексе Лінія Сталіна байкеры правялі некалькі гадзін. Экскурсія па знакавых старонках мінулага для мотапілотаў стала своеасаблівым прызнаннем мужнасці братэрскіх народаў.


Аляксандр Бардзюжа, Генеральны сакратар АДКБ: У нас невыпадкова быў старт з Брэста. Гэта яшчэ раз напамін пра тое, што мы калектыўна павінны займацца сваёй бяспекай. Гэта вельмі сімвалічна. Мы будзем праязджаць і надаваць увагу менавіта вось такім мясцінам баявой славы.


За светлавы дзень пілоты праязджаюць да паўтысячы кіламетраў. Адпачываюць ля дарог у палатках. Спартанскія ўмовы ніколькі не палохаюць байкераў.


Аляксандр Косараў, мотапілот: Матацыкл - гэта нейкая мера свабоды, ты едзеш, куды вочы глядзяць. Матацыклісты перамяшчаюцца па ўсім свеце. Вельмі шмат ездзяць па Еўропе, але мала па Азіі. Гэта першы крок, каб паказаць, што на гэтых тэрыторыях спакойна.


Разам з пілотамі ў падарожжа адправіліся і журналісты. Прыгоды матацыклістаў выльюцца ў шматсерыйны дакументальны фільм. Прэм'ера запланаваная на пачатак зімы.


Ужо заўтра ўдзельнікі мотапрабегу адправяцца спачатку ў Бабруйск, затым у Гомель. Тэст-драйв даўжынёй 10 тысяч кіламетраў фінішуе 30 верасня ў сталіцы Таджыкістана. Менавіта ў Душанбэ гэтыя матацыклы перададуць пагранічнікам на паўднёвых рубяжах.