У сталіцы на самых аварыйна небяспечных участках дарог устанаўліваюць штучныя няроўнасці

11 ноября 2014
Ляжачы паліцэйскі ці звужэнне праезнай часткі як дадатковы гарант бяспекі. У сталіцы на самых аварыйна небяспечных участках дарог устанаўліваюць штучныя няроўнасці ці наўмысна звужаюць паласу руху, каб вадзіцеляў прымусіць знізіць хуткасць. Як ставяцца да такіх новаўвядзенняў жыхары сталіцы, чаму на многіх скрыжаваннях немэтазгодна ўстанаўліваць святлафор?

У тэме разбіраўся Аляксандр Харавец.

Да пастаяннага шуму і гулу рухавікоў на вуліцы Мяснікова Павел Масарноўскі даўно прывык. Вокны яго кватэры выходзяць акурат на ажыўленую дарогу. Аднак мінулай восенню насупраць пяціпавярхоўкі на пешаходным пераходзе з'явілася штучная няроўнасць - так званы ляжачы паліцэйскі. У выніку грукат ад колаў транспарту стаў яшчэ больш інтэнсіўным.


Пешаходы бесперапынна карыстаюцца гэтым нерэгулюемым пераходам. Ды і ўсталявалі штучную няроўнасць пасля некалькіх ДТЗ.

Жыхары дома згаджаюцца - пешаходны пераход патрэбны. І прапаноўваюць зрабіць яго рэгулюемым.

Сёння ўстаноўка святлафора на пешаходным пераходзе каштуе каля 900 мільёнаў рублёў. Штучная няроўнасць - больш танная засцярога пешаходаў ад магчымых ДТЗ.


Сёння ў сталіцы больш за тысячу штучных няроўнасцяў. Паводле слоў інспектараў ДАІ, ляжачыя паліцэйскія штогод выратоўваюць жыцці сотні пешаходаў. Бо палова ўсіх аварый учыняецца менавіта на нерэгулюемых пераходах.


Сёлета на сталічных вуліцах дадаткова ўстанавілі 90 новых штучных няроўнасцяў на самых ажыўленых і аварыйна небяспечных участках. Акрамя святлафораў альтэрнатыўным гарантам бяспечнага руху могуць быць звужэнні дарог. На некалькіх сталічных вуліцах ДАІ плануе звузіць праезную частку на пешаходных пераходах. Але і гэтая мера наўрад задаволіць усіх мінчан. Заторы на дарогах перашкодзяць інтэнсіўнасці руху.