Сярэдняя школа № 1 г. Мінска адзначае 120 гадоў

18 апреля 2019

Найстарэйшая школа сталіцы сёння адзначае юбілей! Першай установе адукацыі - сто дваццаць гадоў! За векавую гісторыю яна змяняла прапіску, давала веды тысячам дзяцей. Акрамя базавых прадметаў, школьнікі паглыблена вывучаюць беларускую, англійскую, польскую мовы. І адначасова атрымліваюць музычную адукацыю. Самыя яркія кадры і цікавыя звесткі пра першую сталічную школу - у матэрыяле Юліі Токар.

Як раней, маленькія дзяўчынкі ў карычневых сукенках з белымі фартухамі і юнакі-старшакласнікі ў строгіх пінжаках кружацца ў вальсе на 1 верасня 1975. У той час сталічная школа нумар адзін ужо знаходзілася на вуліцы Чкалава. Але ж летапіс першай сталічнай адукацыйнай установы пачаўся значна раней. Калі яшчэ прапіска была іншая…

У 41-м будынак быў настолькі пашкоджаны бамбёжкамі, што першая школа некалькі гадоў "пераязджала". І толькі ў 46-м атрымала сталы адрас. Будынак на Чкалава, дзе пачаліся заняткі, таксама меў цікавую гісторыю. 

Больш за трыццаць гадоў у родную альма-матар штодзень ідзе Марына Машканава. Спачатку ў ролі ўзорнай вучаніцы, а сёння яна любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў 10 "Б". 

Нягледзячы на паважаны ўзрост, а першай школе сёння 120 гадоў, урокі вядуцца максімальна інтэрактыўна. Дзеці і выкладчыкі вольна карыстаюцца планшэтамі, а ў вольны час агульную мову знаходзяць у сацыяльных сетках. 

Акрамя школьнай праграмы, дзеці вывучаюць музычную грамату. Аркестры народных інструментаў, вакальныя ансамблі… 

Галасы дзіцячага ўзорнага хору "Дружба" гучаць далёка за мяжой. У рэпертуары шырокая палітра - ад беларускай і рускай класікі да мілагучнай духоўнай музыкі. 

Сёння святочны канцэрт будзе гучаць да позняга вечара, а заўтра раніцай ізноў пачнуцца праверачныя, кантрольныя, дамашнія заданні, а разам з імі новая гісторыя, якую напішуць цяперашнія настаўнікі і вучні.