У сталічнай аптэцы з'явіўся робат-правізар

27 января 2014

Цяпер фармацэўту больш не трэба марнаваць час на пошук патрэбных лекаў. Пакуль аптэкар можа грунтоўна пракансультаваць пакупніка, працуе Консіс, так завуць аўтаматычнага правізара. Пра тое, якую працу можа за чалавека рабіць машына, ці ёсць у яе душа - Паліна Іванча.



У гэтай аптэцы заказаныя лекі знаходзіць і дастаўляе на касу не фармацэўт, а адмысловы робат. Каб сфарміраваць адзін заказ, Консісу, гэта афіцыйнае імя аўтаматычнага правiзара, неабходна ўсяго 7 секунд. Аптэкар ў гэты час можа больш грунтоўна пракансультаваць пакупніка.


Наталля Драбеня, правізар камерцыйнай аптэкі г. Мінска: Сам робат уяўляе сабою шафу-назапашвальнік, у якую змяшчаецца да 10 тысяч упаковак, з якіх прыкладна палову займаюць лекавыя сродкі РБ. Робат абслугоўвае 4 касы ў нас адначасова.


Упершыню такія робаты з'явіліся ў Парыжы, дзе на невялікіх аптэчных плошчах стандартная выкладка не дазваляла паказаць увесь асартымент. Ёмістая разумная шафа адразу вырашыла гэту праблему. Яшчэ адна праблема, з якой назаўжды развіталася рабатызаваная аптэка, гэта доўгая чарга.


У сярэднім ў звычайнай аптэцы фармацэўт абслугоўвае аднаго пакупніка 5 хвілін. Са з'яўленнем робата-правізара гэты час скараціўся амаль што ўтрая. Цяпер набыць неабходныя лекі могуць амаль паўтары тысячы чалавек за дзень.


Палегчылі працу фармацэўтаў так званая сістэма электроннай чаргі і інфармацыйныя кіёскі, якія з'явіліся ў сталічных аптэках у мінулым годзе. На сенсарным дысплеі дастаткова ўвесці назву неабходнага прэпарата, праз некалькі секунд будзе даступна інфармацыя аб наяўнасці і кошце лекаў. А ўжо ў красавіку ў аптэках з'явяцца стыкеры з так званымі QR-кодамі.


Ігар Кавальчук, генеральны дырэктар РУП Белфармацыя: Паднёсшы смартфон да гэтага кода можна будзе атрымаць інфармацыю аб наяўнасці лекавага сродку ў аптэках нашага прадпрыемства або іншых аптэках горада Мінска.



Але і гэта яшчэ не ўсё. Ужо сёлета ў сталічных аптэках запрацуе сістэма інтэрнэт-заказаў. Пасля аплаты лекаў анлайн забраць пакупку можна будзе ў аптэцы без чаргі.