У Сілічах сёння адзначаюць Дзень снегу

18 января 2014

Міжнароднае свята праходзіць у гарналыжным комплексе ўжо другі раз. Дарэчы, аматары доўгачаканага атрыбуту зімы з'ехаліся не толькі з усёй вобласці, актыўна адпачыць прыехалі і турысты з суседніх краін.


А што да праграмы, адпачывальнікі каталіся на лыжах, гулялі ў снежкі, а наш карэспандэнт Якаў Бута нават зляпіў снежную бабу. Сёлета ў Беларусі Дзень снегу быў на мяжы зрыву. Галоўны зімовы атрыбут з'явіўся ў краіне толькі на гэтым тыдні. І за лічаныя дні тоўстым слоем пакрыў гарналыжныя комплексы. Якія, нарэшце, запрацавалі на поўную моц.


Сёння, нягледзячы на абяцанні сіноптыкаў, мінус 15. Спецыяльна на свята ў комплекс прыехалі больш за 200 чалавек. Актыўныя гульні, конкурс малюнкаў на снезе і фігур. Праўда, пры такім марозе снег лепіцца зусім няпроста.


Зараз у Сілічах адкрытыя чатыры трасы. Астатнія плануюць запусціць на працягу дзесяці дзён. Калі надвор'е застанецца такім жа, то і экстрэмалы праз тыдзень змогуць прыехаць у новы сноў-парк.


Дарэчы, зараз каля 80% нумароў у гасцініцы занятыя турыстамі з Расіі. Прыязджаюць цалкам на вялікія канікулы.


Сённяшняе свята працягнецца яшчэ амаль дзве гадзіны. Да пяці вечара. Ну, а наогул, паводле прагнозаў сіноптыкаў, ўвесь наступны тыдзень будуць дні снегу. Так што ў гарналыжных комплексах чакаюць усіх аматараў актыўнага зімовага адпачынку.