У Маладзечне стартаваў чэмпіянат Еўропы па пляжным валейболе

28 августа 2013

Спаборнічаюць юнацкія каманды да 18 гадоў. Усяго амаль 130 спартсменаў з 26 краін. Да маштабнага спаборніцтва ў горадзе пабудавалі спецыяльны стадыён для пляжнага валейбола. Самыя напружаныя баталіі пройдуць на новай пляцоўцы ў апошні дзень жніўня.



Як горад сонца прымае еўрапейскі чэмпіянат - у сюжеце Аляксандры Драгун.


Першы ў Беларусі і адзін з самых лепшых у Еўропе. Новы стадыён у Маладзечне пабудавалі акурат да чэмпіянату па пляжным валейболе. Трыбуны на паўтары тысячы месцаў, дзве новыя пляцоўкі, зоны для адпачынку і камфортныя раздзявалкі. Умовы беларускага аб'екта адпавядаюць усім міжнародным патрабаванням.


Месца правядзення чэмпіянату выбралі невыпадкова. Пасля Дажынак у Маладзечне захавалася неабходная інфраструктура. Таму і з будаўніцтвам новага стадыёна не ўзнікла пытанняў.


У пляжным валейболе, бадай, самае галоўнае - гэта пакрыццё пляцоўкі. Пясок павінен быць бяспечным для спартсменаў, чыстым і сыпкім.


Гэта спецыяльны фракцыйны пясок, які выкарыстоўваюць для пляжнага валейбола. Перш, чым трапіць на новы стадыён, яго сушылі і перапрацоўвалі. На адну пляцоўку спатрэбілася амаль 200 кубічных метраў такога грунту.


А ўсяго такіх пляцовак 6. Іх, як і новы стадыён, апрабоўвалі на працягу жніўня. Каляндар юніёрскіх спаборніцтваў і рэспубліканскіх спартакіяд дапаўнялі фінальныя баталіі сярод мужчынскіх каманд. Як дарослым спартсменам, так і юніёрам пляцоўка прыйшлася да спабоды.


Пляжны валейбол адносна новы від спорту для нашай краіны. Але ўжо ёсць гучныя імёны і перамогі.


Спартыўны аб'ект і добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый каштавалі больш за 12 мільярдаў беларускіх рублёў. Дарэчы, стадыён шматфункцыянальны - акрамя пляжнага валейбола пляцоўка прыгодная і для міні-футбола. Таму ў акупнасці праекта і яго запатрабаванасці няма сумненняў.