У Лошыцкім парку праходзіць фестываль-кірмаш рамёстваў Вясновы букет

24 мая 2014

Бондарнае майстэрства, спіральнае саломапляценне і старажытнае ткацтва. Сёння ў Лошыцкім парку праходзіць фестываль-кірмаш рамёстваў Вясновы букет. Каля 400 майстроў з усіх рэгіёнаў прыехалі ў сталіцу паказаць ўменні. У экспазіцыі адлюстравана багатая палітра традыцыйных рамёстваў.


Расказвае Надзея Сербіненка Разьбяры па дрэве, ганчары, кавалі, ткачыхі, бондары і мастакі. Члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ўзнаўляюць даўно забытыя рамёствы. Уладзімір вось ўжо чвэрць стагоддзя займаецца бондарскай справай - руплівай і вельмі складанай.


Старажытнае рамёства і ткацтва прадстаўляюць ўмельцы з Міёрскага раёна. Ільняныя сукенкі, кашулі, фартухі і рушнікі выраблены па старажытнай тэхналогіі, якой больш за сто пяцьдзесят гадоў.


Адзін з самых эфектных і працаёмкіх заняткаў - спіральнае пляценне кузуба - вялікага саламянага кошыка для захоўвання зерня. На выраб аднаго кузуба патрэбна некалькі снапоў саломы і, вядома, карпатлівасць.


Усе работы ўдзельнікаў фестывалю ацэньвае журы на чале са старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.


Беларускія майстры падтрымліваюць і адраджаюць практычна ўсе віды традыцыйных народных промыслаў, якія існавалі сто, дзвесце і нават пяцьсот год таму. Старонкі гісторыі, дзякуючы намаганням народных умельцаў ізноў атрымліваюць рэальныя абрысы.