У БНТУ адкрыўся В'етнамскі цэнтр

28 мая 2013

Даведацца аб культурных традыцыях В'етнама, пакаштаваць нацыянальныя стравы можна ў БНТУ. Там напярэдадні адкрыўся цэнтр гэтай краіны. Між тым каля 150 в'етнамскіх студэнтаў атрымліваюць адукацыю ў сталічных ВНУ.


Як жа беларускія і в'етнамскія студэнты разам бавяць час, даведаўся Аляксандр Харавец.


430-я аўдыторыя БНТУ - тэрыторыя В'етнама. Сюды прыходзяць в'етнамскія і беларускія студэнты, каб пазнаёміцца і знайсці новых сяброў. Напрыклад, сёння тут вывучаюць ганчарную справу нашых продкаў. В'етнамцам расказваюць, як зрабіць кубак па беларускіх традыцыях, а тыя дзеляцца сакрэтамі прыгатавання гарбаты.


Нгуен прыехала у сталіцу чатыры гады таму. Вырашыла паступаць у эканамічны універсітэт. Год дзяўчыне спатрэбіўся толькі на вывучэнне мовы і адаптацыі да беларускай сістэмы адукацыі. Сёння шчаслівая студэнтка сцвярджае - без дапамогі беларусаў і культурнага цэнтра яна не справілася б.


Дыплом беларускіх ВНУ ў В'етнаме высока цэніцца. Аб гэтым гаворыць хаця б той факт, што многія адказныя пасады у сваёй краіне займаюць выпускнікі нашых вышэйшых навучальных устаноў.


Дарэчы, сустракаюцца в'етнамцы з беларусамі не толькі падчас афіцыйных мерапрыемстваў, а і на кухні. Яны з радасцю дзеляцца сакрэтамі рэцэптаў традыцыйных прысмакаў В'етнама і ахвотна вучацца гатаваць нашы дранікі і верашчаку.


В'етнамскае зямляцтва ў Мінску налічвае каля пяцісот чалавек, палова якіх - студэнты сталічных ВНУ. І культурны цэнтр - выдатная пляцоўка для камунікацыі моладзі Беларусі і В'етнама, дзе студэнты ўдзельнічаюць у сумесных культурных, адукацыйных і асветніцкіх праектах.