У Белтэлерадыёкампаніі адбылося праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у дзіцячым "Еўрабачанні"

26 июня 2015

Сення ў Белтэлерадыёкампаніі адбылося праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне". Медыяхолдынг як адзіны ў нашай краіне прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза з'яўляецца арганізатарам праекта і валодае эксклюзіўнымі правамі на трансляцыю конкурсу. Хто ж у выніку трапіў у фінал - у рэпартажы Іны Пілевіч.

На праслухоўванні прэтэндэнтаў для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага "Еўрабачання" ўсё самае цікавае адбываецца за спінамі журы. Бацькі і выкладчыкі спрабуюць дапамагчы сваім выхаванцам не толькі маральна, але і жэстамі.

41 заяўка на перамогу. Значная частка аўдыёзапісаў прыйшла на адрас Белтэлерадыёкампаніі з Мінска. У ліку прэтэндэнтаў як сольныя выканаўцы, так і калектывы. Самаму малодшаму - 10, а старэйшаму - 15 гадоў. У большасці - дзяўчынкі. Для шматлікіх маладых вакалістаў гэта ўжо не першая спроба заявіць аб сабе на песенным шоу кантынента.

Пакаралі журы адразу некалькімі кампазіцыямі. У складзе судзейскай калегіі - вядомыя беларускія кампазітары, спевакі, аранжыроўшчыкі. Праслухоўванне - толькі ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі або фанаграмы.

Пуцёўку ў фінал нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне” атрымалі толькі 10 прэтэндэнтаў:

ансамбль "Заранак" (Мінск),

Асланаў Руслан (Мінскі раён),

Купрыяновіч Зінаіда (Мінск),

Васілеўская Ангеліна (Мінск),

група "Нясумны ўзрост" (Мінск),

Козак Лізавета і Тоўсцік Алена (Кобрын),

Мураўёва Лізавета (Мінск),

Маханькоў Аляксандр (Мінск),

Новік Марыя (Мінск),

Магільная Марыя (Магілёў).

Юных артыстаў чакаюць 2 месяцы падрыхтоўкі да выніковага гала-канцэрта. 21 жніўня ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 1" гледачы і журы вырашаць, хто ж стане голасам Беларусі на "Еўрабачанні-2015", якое гэтым разам прымае Балгарыя.

Беларусь працягвае захоўваць лідзіруючую пазіцыю ў рэйтынгу краін - удзельніц дзіцячага "Еўрабачання". У нашай краіны - найбольшая колькасць прызавых месцаў. Першымі станавіліся двойчы.

Сёлета прыхільнікаў дзіцячага "Еўрабачання" аб'яднае хэштэг discover, што ў перакладзе з англійскай "адкрывай". Пад такім лозунгам 13-ы конкурс пройдзе ў Сафіі 21 лістапада. На сёння пацверджанне аб удзеле ў папулярным тэлешоу далі 11 краін.