Сумесны праект скульптараў з Мінска і Смаргоні

23 апреля 2013

Зараз яны працуюць над стварэннем комплексу, які прысвечаны Першай сусветнай вайне. Аналагаў няма ў Беларусі. Бронзавыя скульптуры, капліца, сцены памяці і пасланні да нашчадкаў змесцяцца на тэрыторыі парка Перамогі ў Смаргоні. Аляксандра Драгун прадоўжыць тэму.


 


810 дзён бязлітасных баёў, 70 тысяч ахвяр... Пасля Першай сусветнай вайны зруйнаваную Смаргонь лічылі мёртвым горадам. Да векавога юбілею крывавых падзей ушанаваць памяць як беларускіх, так і нямецкіх салдат прапанавалі ў бронзе.


Сем гадоў таму творчы калектыў з трох скульптараў і архітэктара ўзяліся за стварэнне, бадай, самага маштабнага беларускага помніка  ахвярам Першай сусветнай вайны. За гэты час аўтары карпатліва працавалі над агульнай ідэяй, распрацавалі падрабязны план будучага комплексу, падрыхтавалі праектна-каштарысную дакументацыю, пляцоўку для мемарыяла і адлілі з бронзы скульптурныя кампазіцыі. Праўда, на гэтым справа скончылася – узніклі пытанні з фінансаваннем. 


Увасабленне праекта прадугледжана ў трох частках. Першая – мемарыяльная зона ў выглядзе карты падзей, каплічка, дзве сцены памяці. Другая - 9 памятных знакаў з бронзы і граніту. І завершыць комплекс скульптурная кампазіцыя Праклён вайне.


Скульптура Крылаты геній салдацкай славы размесціцца ў цэнтральнай частцы мемарыяльнага комплексу. 5-тонны бронзавы гігант, 12 метраў вышынёй, мае філасофскі сэнс – зварот да нашчадкаў.


Працягласць мемарыяльнага комплексу больш за 400 метраў. Маштабны праект лаканічна ўпісваецца ў ландшафт горада. На тэрыторыі Смаргоні да сённяшняга часу захоўваюцца 17 дотаў. Ваенныя збудаванні з бетону, здаецца, не сапсаваў час. Менавіта яны, сведкі жудасных падзей, спалучаюць усе часткі будучага мемарыяла.


Смаргонь можа стаць важным культурным і турыстычным цэнтрам краіны. Бо спадчына гэтага краю неацэнная. Штогод сюды з’язджаюцца сотні гасцей з замежжа, каб ушанаваць памяць герояў з 38 краін, якія змагаліся пад рознымі сцягамі ў Першую сусветную вайну.