Сям'я Каласоўскіх прызнана лепшай у сталіцы

17 октября 2014

Паміж вялікай сям'ёй і бізнесам. Лепшай парай сталіцы прызнана сям'я Каласоўскіх. Менавіта яна і будзе прадстаўляць Мінск на нацыянальным конкурсе Сям'я года - 2014, які адбудзецца 24кастрычніка. Яны адважыліся на вялікую сям'ю і змаглі захаваць шчасце ў доме пры тым, што абодва бізнесмены. Муж - Дзмітрый Каласоўскі - займае кіруючую пасаду ў кампаніі па імпарце прадуктаў харчавання. Яго жонка Вольга - кіруе ўласным цэнтрам дзіцячай творчасці.


Пра тое, як захаваць сямейныя каштоўнасці і атрымаць поспех у працы, рэпартаж Кацярыны Шыбко.


Соня - самая малодшая ў сям'і Каласоўскіх. Усяго ў іх чацвёра дзяцей - дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Розніца паміж кожным - пяць гадоў. Бацькі жартуюць - гэта не містыка і не спланаваная задача на пяцігодку. Так атрымалася. І што самае цікавае, удакладняе маці, Вольга Каласоўская, са з'яўленнем кожнага дзіцяці ў сям'і станавілася толькі прасцей.


Пазнаёміліся Вольга і Дзмітрый у Крыме у студэнцкім атрадзе - разам збіралі персікі. Муж тады вучыўся ў БДУ на матэматычным факультэце, жонка - у Акадэміі мастацтваў на рэжысёра. Жартуюць, так процілегласці і прыцягнуліся адна да адной.


Так аднойчы Вользе прыйшла ідэя займацца арганізацыяй свят з удзелам мультыплікацыйных лялек. Стаць акцёрам прапанавала мужу. На той момант, успамінае, нават не падазравала, што сур'ёзны матэматык зможа так якасна справіцца з задачай.


Дзмітрый Каласоўскі, удзельнік конкурсу Сям'я года - 2014: Займаюся гэтай цікавай справай ужо каля 15 гадоў, за гэты час у нас з'явілася 11 персанажаў. Напэўна, самы любімы, самы вясёлы і гарэзны, не толькі для мяне, але і для гледачоў, вось гэты персанаж - гэта мішка Балу.


Але гэта праца хутчэй для душы. Асноўная ж працы - у кампаніі па імпарце прадуктаў харчавання. Там Дзмітрый - топ-менеджар. Вольга цяпер кіруе ўласным цэнтрам дзіцячай творчасці. Свой бізнес адкрыла тры гады таму - ідэя, кажа, была на паверхні, бо ў самой чацвёра дзяцей, якіх заўсёды трэба было чымсьці займаць. Старэйшая дачка Маргарыта зараз вучыцца на перакладчыка замежнай мовы, Алег займаецца музыкай, Платон - хакеем, маленькая Соня, магчыма, будзе мастаком.


Сям'я Каласоўскіх прызнана лепшай у сталіцы. Мінск яны будуць прадстаўляць ужо ў фінале конкурсу Сям'я года - 2014, які адбудзецца 24-га кастрычніка. Нягледзячы на бізнес і кар'еру, яны змаглі стварыць вялікую сям'ю і захаваць асноўныя каштоўнасці. Галоўнае, паводле іх слоў, зразумець, што шчасце - яно тут і зараз. І калі ёсць жаданне яго стварыць - нішто іншае адназначна не стане перашкодай.