Сёння ў Жодзіне праходзіць выязны каардынацыйны савет

13 сентября 2013
У горад прыехала дэлегацыя з дзевяноста чалавек. Прадстаўнікі мясцовай улады і намеснікі старшыні цэнтральнага рэгіёну абмяркоўваюць працу з падлеткамі, праблемнымі і шматдзетнымі сем'ямі. З гэтай нагоды наведваюць цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, школу і сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Расказвае Аляксандра Драгун.

У гэтай кватэры пануюць Вера, Надзея, Любоў, а яшчэ Анастасія і Марыя. Пяць дачушак - галоўнае багацце сям'і Богдан. Старэйшая перайшла ў дзявяты клас, а малодшая нядаўна сказала свае першыя словы. Дарэчы, гэта былі імёны сясцёр.

Галава сям'і Аляксандр Рамуальдавіч прывык да свайго кветніку. Няхай і прыходзіцца працаваць па некалькі змен запар, сваім шчасцем задаволены.

Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці самае актуальнае пытанне - будаўніцтва жылля - адпала само сабой. Пяць гадоў таму сям'я Богдан засялілася ў новую кватэру. Цяпер у дзяўчынак ёсць гасцёўня для сямейных сустрэч і ўласныя пакоі.

Сям'ю Богдан, як і іншыя шматдзетныя, дзяржава не пакідае без увагі. Фінансавую падтрымку і сацыяльную дапамогу атрымліваюць кожны месяц.

Яшчэ адзін, бадай, самы памятны і чуллівы падарунак бацькам зрабілі пасля з'яўлення на свет Любачкі, пятай дачушкі.

Ордэн Маці. У дзяцінстве такі Алена Анатольеўна бачыла ў сваёй бабулі. Цяпер ганарыцца ўласным. Дзяржаўную ўзнагароду яна атрымала летась акурат да Дня маці.

Тады губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура ўзнагародзіў яшчэ трыццаць тры жанчыны з цэнтральнага рэгіёну.


Нараджальнасць у Мінскай вобласці павысілася больш чым на 5 працэнтаў. Сёлета на свет з'явілася дзесяць з паловай тысяч немаўлят. Гэта самы высокі паказчык за апошнія чатыры гады. Дарэчы, ён перавышае сярэднерэспубліканскі ўзровень. Прэстыжу шматдзетных сем'яў спрыяюць сацыяльныя гарантыі і дзяржаўная дапамога.