Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў мытнай службы

29 мая 2014
Па традыцыі 29-га мая яны сустракаюцца і дзеляцца вопытам прэстыжнай, але няпростай працы з маладымі спецыялістамі.

Надзея Сербіненка пра тых, хто стаяў ля вытокаў Мінскай рэгіянальнай мытні.

Тамара Калачык адпрацавала ў Мінскай рэгіянальнай мытні чвэрць стагоддзя. Праз яе рукі прайшлі тысячы міжнародных пасылак і грузаў. Яшчэ з савецкіх часоў абраная прафесія была асабліва прэстыжнай і адначасова няпростай. Сёння ж яе калегам-мытнікам, заўважае жанчына, працаваць значна лягчэй - сучасныя тэхналогіі спрашчаюць надгляд. Раней такіх магчымасцяў не мелі: шчуп з дроту і асабістая пільнасць былі галоўнымі інструментамі.


Сёння ўся ўвага - ветэранам мытнай службы, тым, хто стаяў ля яе вытокаў. Па традыцыі менавіта 29-га мая ўшаноўваюць былых работнікаў беларускай мытні - тых, хто адсочваў правільнасць перамяшчэння грузаў праз мяжу, выяўляў кантрабанду, сачыў за бяспекай.


Ветэраны мытнай службы ахвотна дзеляцца вопытам, мудрасцю і прафесійнымі сакрэтамі са сваімі паслядоўнікамі. Таму штогод падчас урачыстай прысягі яны даюць наказ тым, хто толькі пачынае свой шлях у мытнай справе.


Сёння ў гэтай зале сабраліся ветэраны мытнай службы, маладыя спецыялісты і сапраўдныя прафесіяналы. Такія нефармальныя зносіны і асабістыя сустрэчы вельмі важныя для ветэранаў.


Толькі ў Мінскай рэгіянальнай мытні паўтары сотні чалавек, стаж працы якіх перавышае 15 гадоў. Дзякуючы іх службе на тэрыторыі Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана рэалізуецца адзіная гандлёвая палітыка. А значыць, забяспечваецца належны парадак перамяшчэння тавараў праз мяжу.