З 20 ліпеня ў Мінску закрываецца рух трамваяў па праспекце Машэрава і Старавіленскім тракце

17 июля 2013

Звязана гэта з наступным этапам рэканструкцыі трамвайнага пуці.


Колькі часу спатрэбіцца дарожнікам на рамонт - разбіралася Наталля Кезік. Паўтара месяца без грукату колаў і без трамваяў… А ў трамвайным парку ніводнага свабоднага месца - рамонт пуцей пакідае мінчан без рамантычнага віду транспарту.


З 20 ліпеня ў Мінску застануцца толькі тры трамвайныя маршруты - №2, 7, 9. Для параўнання: раней мінчан абслугоўвалі трамваі па дзесяці маршрутах. Плануецца, што транспартнага калапсу атрымаецца пазбегнуць з дапамогай двух аўтобусаў №906 - ён ужо курсіруе - і №903.


Ужо ў суботу з дыспетчарскай станцыі Возера да плошчы Змітрака Бядулі пасажыраў будзе забіраць 903 аўтобус. 906 з вуліцы Чырвонай да Зялёнага Луга. Як сцвярджаюць улады, рамонт трамвайных пуцей на гэтым участку быў запланаваны - нязручнасці прыйдзецца пацярпець да першага дня восені.


Больш за ўсё не пашанцавала пасажырам, якія едуць з Камсамольскага возера ў Зялёны Луг. Замест прамой дарогі на трамваі цяпер прыйдзецца зрабіць перасадку - з 903 аўтобуса на 906. Тым не менш, мінчане з большага гатовы пацярпець.


Але тое, што трамвайныя маршруты ў Мінску ўвогуле будуць ліквідаваныя, пакуль толькі чуткі. Трамвай застаецца адным з самых экалагічных відаў транспарту. Ды і ў такім выпадку наўрад ці спатрэбіўся б глабальны рамонт трамвайных пуцей.


Віктар Васкалей, начальнік аддзела пасажырскіх перавозак філіяла Трамвайны парк: Трамвайнаму руху ўжо 83 гады, і ніякіх перадумоў, што мы не адзначым стогадовы юбілей, няма. Пасажырапаток у адным вагоне нашмат вышэйшы, чым у аўтобусаў і тралейбусаў.


Ёсць і яшчэ адно сведчанне, што трамваі не знікнуць са сталічных вуліц - у трамвайным дэпо дыспетчары, як і раней, прымаюць заяўкі на рамантычнае падарожжа па сталіцы - пракат трамвайнага вагончыка.