Кіраўніцтва сталічнай вобласці сёння акрэсліла перспектывы развіцця эканамічнай сферы рэгіёну

13 июня 2013

Вялікая геаграфія - для малога бізнесу. Кіраўніцтва сталічнай вобласці сёння акрэсліла перспектывы развіцця эканамічнай сферы рэгіёну. Удзельнікі выязной нарады, якая праходзіла ў Дзяржынскім раёне, наведалі некалькі прадпрыемстваў і на іх прыкладзе далі ацэнку развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.


Мікраэканамічныя прагнозы - у Аксаны Шыдлоўскай. Сёння ў Мінскай вобласці працуюць амаль 53 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Іх дзейнасць ахоплівае літаральна ўсе сферы эканомікі рэгіёну - сельская і лясная гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, сфера паслуг. Наколькі эфектыўна працуе гэты сектар эканомікі - і вывучалі сёння ўдзельнікі выязной нарады аблвыканкама.


Дзяржынскае прадпрыемства па выпуску радыятараў у нейкім сэнсе паказальнае. Узяўшы за аснову ўласныя навуковыя распрацоўкі, у дадатак вопыт суседзяў, сучаснае абсталяванне, тут за кароткі час змаглі наладзіць вытворчасць аўтамабільных кампанентаў. Тым самым пацяснілі імпарт. Толькі за апошні год аб'ём выпускаемай прадукцыі вырас удвая. Канкурыраваць на айчынным рынку і нарошчваць экспарт дазваляе высокая якасць прадукцыі. За ёй пільна сочаць на прадпрыемстве.


Макрапаказчыкі за кошт мікраэканомікі. Сёння цэнтральны рэгіён робіць стаўку менавіта на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Найперш праз пашырэнне геаграфіі. Бо пакуль невялікія і ў той жа час прыбытковыя прадпрыемствы сканцэнтраваны выключна недалёка ад сталіцы - Фаніпалі, Дзяржынску, Лагойску, Заслаўі. У найбліжэйшай перспектыве ўсе раёны павінны дэманстраваць высокі ўзровень прадпрымальнасці.


На прыкладзе спартыўна-аздараўленчага комплексу, які знаходзіцца пад Дзяржынскам, кіраўніцтва вобласці абмяркоўвала перспектывы развіцця прыдарожнага сэрвісу ў цэлым. Па-першае, колькасць такіх пунктаў адпачынку павінна расці, па-другое, якасць абслугоўвання ў іх павінна адпавядаць еўрапейскаму. Чэмпіянат свету па хакеі падштурхоўвае.