Каваль з Ракава прадставіць Мінскую вобласць у фінале конкурсу «Новыя імёны Беларусі»

26 апреля 2016

Ад рыцарскіх даспехаў да металічных руж. Мінскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» прадставіць каваль з Ракава Канстанцін Пятроўскі. Майстар ўвасабляе у метале гістарычную спадчыну, а таксама ўласныя фантазіі і пачуцці. Зараз Канстанцін працуе над новымі ідэямі для фіналу конкурсу. Як настаўнік народных танцаў куе уласнае шчасце - убачыў Ян Пашкевіч.

Ад аўтэнтычных сякер да даспехаў ваяра – каваль-аматар Канстанцін Пятроўскі ўвасабляе ў метале спадчыну. Менавіта захапленне мінулым натхніла Канстанціна авалодаць молатам і кавадлам яшчэ ў школьныя часы. Неабходныя інструменты і нават кавальскія мяхі для дамашняй кузні рамеснік зрабіў сам.

Канстанцін Пятроўскі, рамеснік:

«Гэта кавальскія клешчы. Яны ўсе робяцца уручную, для кожнай аперацыі. Вось дарэчы я нядаўна выкаваў гэту сякеру. Глядзіце, гэтыя клешчы вельмі добра захопліваюць яе і зручна працаваць вельмі».

Вытанчаныя ўзоры, якімі майстар аздабляў рэчы рыцарскага гардэроба, раскрылі і мастацкія здольнасці. Зараз рамеснік больш часу прысвячае дэкаратыўным ўпрыгажэнням – лесвіцам, вешалкам, падсвечнікам. У адметныя вырабы майстар пераўтварае стальныя пруты - у руках Канстанціна яны набываюць пластычнасць і гнуткасць.

Канстанцін Пятроўскі, рамеснік:

«Раней людзі бачылі метал па колеру. Калі выраб станавіўся жоўтага цвету – значыць, можна каваць. Калі метал пачынае астываць – спачатку стане чырвоным, потым аранжавым і гэтык далей, то, значыць, у ім з'яўляецца напружанне».

Працуе Канстанцін настаўнікам народных танцаў у мясцовым цэнтры творчасці. Увечары ж у руках каваля «танцуе» ужо метал, які застывае ў мудрагелістых формах.

Лізавета Пятроўская, маці Канстанціна:

«Неяк мы сядзелі дома за сталом і стаяў букет руж. Кастусь іх усё нешта разглядаў, раскрываў. Аднойчы прыносіць ён кветку мне, я гляджу і думаю, дзе ён такую чорную набыў. Аказалася, што яна жалезная – сам выкаваў».

З дапамогай металу майстар навучыўся ператвараць у самабытныя кампазіцыі старыя бутэлькі, люстэркі і нават звычайныя камяні. Калі калекцыя адметных вырабаў стала дастаткова вялікай, маці Канстанціна адправіла яе на конкурс «Новыя імёны Беларусі - 2016», дзе экспазіцыя заняла першае месца.

У кожны з 11 экспанатаў гэтай адмысловай выставы аўтар заклаў сімвалічны сэнс або ужыў традыцыйныя беларускія матывы. Напрыклад, вось гэта кампазіцыя называецца "Таямніца кахання", а гэты выраб адлюстроўвае свята Дзяды.

Зараз каваль-мастак рыхтуецца да фіналу рэспубліканскага конкурсу – увасабляе ў брутальным матэрыяле вытанчаныя вобразы. Каб урэшце прыгажосць, што застыла ў метале, перамагла.