Рубрыка Капітал

13 февраля 2014
Мінскія гасцініцы пачалі масавы падбор персаналу. Неабходна як мінімум паўтары тысячы спецыялістаў. Дарэчы, даведацца пра ўсе вакансіі ў гатэлях можна па нумары 167.

Больш падрабязна пра гэта і не толькі - Якаў Бута. Рубрыка Капітал.

Мінскім гасцініцам не хапае 1600 работнікаў. Вострая неабходнасць існуе як у будаўніках, так і ў абслуговым персанале.

Сёлета ў сталіцы будуць запушчаныя 13 гасцінічных комплексаў, 9 з іх дзяржаўныя. Менавіта для іх працы неабходная гэтая колькасць персаналу - адміністратары, бухгалтары, сантэхнікі, афіцыянты і пакаёўкі. Гатэлі ўжо на высокай стадыі гатоўнасці і актыўна займаюцца падборам неабходных супрацоўнікаў. Дарэчы, моладзь таксама прыцягваюць да работы ў гасцініцах - БРСМ на час чэмпіянату свету плануе сфарміраваць сэрвісныя атрады. Графік працы будзе гнуткім, каб маладыя людзі маглі паралельна працаваць і вучыцца.

Падчас сусветнага першынства для гасцей будзе падрыхтавана амаль 10 тысяч нумароў. Для падбору супрацоўнікаў запушчана новая сістэма - адзіны нумар 167. Там патэнцыяльны работнік можа атрымаць прапановы і падрабязную кансультацыю.

У Мінску сёлета пабудуюць 70 тысяч метраў квадратных арэнднага жылля. Гэтых плошчаў хопіць прыкладна для тысячы сем'яў.

Аналагічны аб'ём будаўніцтва арэндных дамоў плануецца рэалізаваць і ў 2015. Мэр Мінска нагадаў, што ў студзені гэтага года быў уведзены ў эксплуатацыю арэндны дом у мікрараёне Чыжоўка. Яшчэ адзін такі аб'ект плануецца ўвесці ў лютым. Акрамя таго, у Мінску сёлета плануецца пабудаваць 440 тысяч квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.


Электронныя чэргі з'явяцца ў сталічных аптэках. Сістэма будзе працаваць па ўжо звычнай для мінчан банкаўскай схеме.

Звязана гэта з нагрузкай на аптэкі, якая павялічылася, і неабходнасцю палепшыць якасць абслугоўвання. Электронныя сістэмы дазваляюць нармалізаваць псіхалагічную абстаноўку ў чарзе. Сёння ў Мінску колькасць аптэк у некалькі разоў перавышае мінімальную норму.

Білеты на цягнікі праз сайт Беларускай чыгункі з сакавіка можна будзе аформіць на англійскай мове. Цяпер рыхтуецца да запуску англамоўная версія сайта. Акрамя таго, у Мінску актыўна працуюць запушчаныя нядаўна тэрміналы для афармлення набытых праз Інтэрнэт квіткоў.