Рэалізацыя праекта беларуска-кітайскага тэхнапарка выходзіць на фінішную прамую

27 мая 2013

У сярэдзіне чэрвеня ў Мінску пройдзе двухбаковы бізнес-форум. Свае прапановы прывязуць 80 прадпрымальнікаў з кітайскай правінцыі Гуандун - адной з самых эканамічна развітых у КНР. У гэтыя ж дні госці з Паднябеснай наведваюць прамысловыя і культурныя аб'екты Мінскай вобласці. 


Аляксей Кандраценка падрабязна.


Музыка барока пад акампанемент кітайскай фотатэхнікі ў сценах Нясвіжскага замка. Гасцей з Паднябеснай жыва цікавіць літаральна ўсё: карціны шляхцічаў, паляўнічыя трафеі, прадметы даўніны.


Ян Цьен,  прадстаўнік дэлегацыі правінцыі Гуандун (КНР): Тут столькі шмат усяго незвычайнага. Раней я не бачыла нічога падобнага. У Кітаі сапраўды такога няма.


Знаёмства з цэнтральным рэгіёнам прадстаўнікі правінцыі Гуандун пачалі з культуры беларусаў. Так лягчэй зразумець менталітэт дзелавых партнёраў. Пасля Нясвіжа пабывалі ў музеі Дудуткі.


Афіцыйная частка прадоўжылася ў сталіцы. Адна з галоўных тэм - рэалізацыя праекта беларуска-кітайскага тэхнапарка. Месца канцэнтрацыі высокатэхналагічнай вытворчасці.


Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама: Ведаючы пра тое, што на тэрыторыі Гуандун знаходзяцца тры сур'ёзныя  эканамічныя зоны Кітая, мы запрашаем удзельнікаў гэтых зон для рэалізацыі праекта нашага беларуска-кітайскага тэхнапарка.


Цзян Хайюань, намеснік генеральнага сакратара Народнага ўрада правінцыі Гуандун (КНР): Я ўпэўнена, што адносіны паміж нашымі рэгіёнамі ўзаемавыгадныя. Спадзяюся на развіццё сумесных праектаў не толькі ў розных сферах эканомікі, але і культуры.


Правінцыя Гуандун знаходзіцца на поўдні Кітая. Дзякуючы размяшчэнню рэгіён - адзін з найбуйнейшых транспартна-лагістычных вузлоў паміж Еўропай і Азіяй. Па прамысловай значнасці Гуандун саступае толькі Ганконгу. Аснова эканомікі - машынабудаванне, электроніка, фармакалогія.

Летась тавараабарот паміж Мінскай вобласцю і Гуандунам перавысіў паўмільярда долараў. Гэтая лічба, упэўнены эканамісты, не мяжа. Новыя гарызонты супрацоўніцтва убачым ўжо ў сярэдзіне чэрвеня на беларуска-кітайскім бізнес-форуме.