Амаль чатыры тысячы месцаў для навучання школьнікаў

11 марта 2014

У цэнтральным рэгіёне ўжо вызначыліся з планам прыёму ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. А вось колькі школьнікаў плануецца набраць на другую ступень адукацыі, сярэдне-спецыяльную, пакуль не вядома. Але большасць устаноў гэтая лічба не палохае: попыт на працоўную адукацыю расце з кожным годам. Як прыклад, у Слуцкім дзяржаўным каледжы конкурс на месца - тры чалавекі. Але гэты паказчык тут не галоўны - навучэнцаў у каледжы выбіраюць па асаблівых крытэрыях.


Падрабязнасці ў Наталлі Кезік.


Яе вучні - цяперашнія дырэктары і тэхнолагі беларускіх малочных прадпрыемстваў. Людміла Уладзіміраўна вырабляць сыр у прамысловых маштабах вучыць больш за трыццаць гадоў. За гэты час для малочнай прамысловасці падрыхтавала як мінімум трыццаць тысяч спецыялістаў. Але і зараз упэўнена, што аўтаматызаваная тэхніка, якую ўсталёўваюць на заводах, не вызваляе спецыялістаў ад ведання тэхналогій прыгатавання.


У Слуцкім каледжы рыхтуюць і спецыялістаў, і рабочых па пятнаццаці спецыяльнасцях. Сёлета з верасня адкрываюцца яшчэ дзве, звязаныя з цукровай вытворчасцю і перапрацоўкай сыравіны. Заняткі ў вучэбным плане не толькі тэарэтычныя, але і практычныя - сапраўдныя цэхі, магазіны і рамонтныя майстэрні.


Абсталяванне ў гэтую вучэбную лабараторыю ў каледжы закупалася разам з машынамі на слуцкі завод. І зараз розніца паміж рэальным цэхам і вучэбным толькі ў тым, што тут па трубах цыркулюе не малако, а вада.


У пякарным цэху навучэнцы замешваюць цеста пад наглядам майстроў. У асартыменце - смажанкі, духмяныя булкі і свежаспечаны хлеб. У дапамогу спецыялістам - сучаснае абсталяванне. Практыкавацца ў такі рэсурсны цэнтр прыязджаюць нават вопытныя майстры.


Печыва з цэха трапляе на прылаўкі, такім чынам атрымліваецца зарабляць уласныя грошы. За мінулы год прыбытак ад пазавучэбнай дзейнасці склаў сем мільярдаў рублёў. Іх у каледжы ёсць куды патраціць: на тэрыторыі каледжа - шаснаццаць карпусоў. Больш за тое, для кожнага студэнта бясплатны абед і месца ў інтэрнаце.


Да ўступнай кампаніі рыхтуюцца асаблівым чынам. Тут не лічаць колькасць прэтэндэнтаў на месца. Набіраюць навучэнцаў па колькасці вакансій - іх загадзя шукае дырэктар. Таму будучыя спецыялісты амаль з уступнай кампаніі дакладна ведаюць, куды пасля заканчэння яны адправяцца працаваць.