Сапраўдная навагодняя казка для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі

17 декабря 2013
Учора стартавала акцыя Падзяліся цяплом душы сваёй. Школьнікі і студэнты мінскіх ВНУ і каледжаў, а гэта каля 80 валанцёраў, у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі наведваюць сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Дзякуючы неабыякавым сэрцам дзеці, якія праз свой фізічны стан не могуць наведаць сталічныя навагоднія мерапрыемствы, атрымаюць свае падарункі дома.

Расказвае Улада Карніцкая: Валанцёры маладзёжнага грамадскага аб'яднання таксама калісьці былі дзецьмі, таму цяпер імкнуцца падарыць навагодні настрой дзецям. Вось ужо 13 год запар неабыякавыя сэрцы напярэдадні самага чароўнага свята прыходзяць у госці да тых, хто з розных прычын не можа сам пайсці на ёлку.

Сяргей Мурашка, намеснік старшыні маладзёжнага грамадскага аб'яднання Альтэра: Мы з года ў год віншуем дзетак, якія патрапілі ў цяжкую сітуацыю. Праз гэты праект маладыя людзі могуць адчуць, што патрэбна дапамога іншым, напрыклад, як дзеці, якія патрапілі ў бяду, і яны могуць адчуць каштоўнасць таго, што яны для кагосьці патрэбныя.

Падарункі, песні і быццам бы традыцыйныя навагоднія сюрпрызы. Але, мабыць, самае галоўнае ў гэтым выпадку іншае - увага.

Нярэдка ў госці валанцёры прыходзяць і да сваіх аднагодкаў. Гэта - той самы выпадак. Дзмітрыю 21 год, і ўвесь гэты час хлопец жыве з дыягназам ДЦП. З Новым годам Дзмітрыя, акрамя родных і блізкіх, ужо дзясяты год віншуюць і ўдзельнікі валанцёрскага руху.

Ніна Мысліцкая, мама Дзмітрыя Мысліцкага: Вось сёння да мяне завіталі, да майго хлопчыка Мысліцкага Дзмітрыя Дзед Мароз, Снягурка, казачныя персанажы. Мы вельмі задаволеныя, дзіця задаволенае. Дзякуй вялікі, што гэта ўсё існуе, што нашы дзеткі не забытыя, што яны таксама радуюцца Новаму году і чакаюць Дзеда Мароза.

Дзеці, якія амаль увесь час праводзяць дома, кажуць, што часцей просяць у Дзеда Мароза не падарункі, а каб ён проста да іх завітаў. І не важна, на некалькі хвілін ці на паўгадзіны. Галоўнае, каб, як у казцы, напярэдадні Новага года і са шчырымі віншаваннямі.

Своеасаблівы дабрачынны марафон, кажуць валанцёры, будзе працягвацца ў іх і пасля Новага года. У спісе тых, каму яны гэтым разам збіраюцца падарыць святочны настрой і трохі чараўніцтва, усяго каля 250 асаблівых дзяцей.