Мінск рыхтуецца да Дня Незалежнасці

27 июня 2013


Да Дня Незалежнасці засталося менш як тыдзень, але горад ужо хвалюецца і рыхтуецца да свята. У гэты дзень толькі на сталічных вуліцах пройдзе паўсотні святочных мерапрыемстваў. 3-га ліпеня будзе здадзена ў эксплуатацыю Гарадская станцыя хуткай дапамогі.


Чым яшчэ сёлета здзівіць свята - на прэс-канферэнцыі ад арганізатараў даведалася Наталля Кезік. Сталіца Дзень Незалежнасці пачне святкаваць загадзя. Святочную плеяду распачнуць рыбакі ў суботу. На беразе Свіслачы пройдуць спаборніцтвы па лоўлі рыбы.


У панядзелак святочны настрой падтрымае адкрыццё плошчы Дзяржаўнага флага. 3-га ліпеня ў Мінску адбудзецца паўсотні мерапрыемстваў. Святочнае шэсце і парад пачнуцца ў 11 гадзін. Да яго зараз рыхтуюцца 3 тысячы вайскоўцаў і 150 адзінак тэхнікі. Гулянні разгорнуцца не толькі ў цэнтры, але і ў кожным раёне горада. Рух аўтамабілістаў па горадзе абмяжуюць з 5 гадзін раніцы. У гэты ж час 3 тысячы міліцыянераў заступяць на дзяжурства. Пад аховай будуць усе пляцоўкі і пункты пропуску - іх сёлета больш за 80. На святочныя мерапрыемствы, як і заўсёды, нельга будзе прайсці ў нецвярозым стане і са спіртнымі напоямі. Хатніх гадаванцаў падчас свята лепш пакінуць дома.


Юрый Сарокін, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ДУУС Мінгарвыканкама: Ля кожнага КПП будуць арганізаваныя камеры захоўвання. Усе прадметы, якія забароненыя да праносу ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, можна будзе здаць у гэтыя камеры захоўвання.


Пасля 19 гадзін будзе абмежаваны продаж алкагольных напояў ва ўсіх гандлёвых пунктах горада. Дарэчы, іх у святочны дзень стане на паўсотні больш. Галоўны кірмаш разгорнецца ля Палаца спорту. Чакаюць мінчане і матэрыяльных падарункаў - сваю працу пасля рэканструкцыі пачне Гарадская станцыя хуткай дапамогі.


Завершыцца святочны вечар гала-канцэртам і сумеснымі спевамі дзяржаўнага гімна. Затым неба асвецяць 30 залпаў салюта. Іх можна будзе ўбачыць у розных пунктах горада. Святочныя гулянні прадоўжыць начная дыскатэка да паловы першага ночы.


Нягледзячы на тое, што 4 ліпеня працоўны дзень, аўтобусы і тралейбусы будуць чакаць мінчан ля галоўных святочных пляцовак да дзвюх гадзін ночы. Прыклада ў такі ж час адправіцца і апошні цягнік метро.