Маштабная рэканструкцыя чакае спартыўны комплекс Раўбічы

1 марта 2014

Ад інжынерных сетак да новых будынкаў - літаральна ўсё трапіла пад рэканструкцыю ў спартыўным комплексе Раўбічы. Тут ужо пашырылі лыжаролерную трасу і выканалі чарнавую працу. Дарэчы, пасля маштабнай рэканструкцыі ў комплексе з'явяцца новыя трыбуны, прэс-цэнтр, паўтысячы гасцінічных нумароў і крыты цір. Такім чынам, чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў у наступным годзе Раўбічы сустрэнуць у новым выглядзе.


Расказвае Аляксандра Драгун: Пакуль толькі адноўлены трамплін для фрыстайла ўзвышаецца над маштабнай будоўляй. Ужо год, як на тэрыторыі спартыўнага комплексу Раўбічы ідзе рэканструкцыя.


Ад інжынерных сетак да новых будынкаў. Сярод грандыёзных планаў па рэканструкцыі - поўнае аднаўленне біятлоннага стадыёна. Агнявы рубеж разлічаны для трэніровак адразу шасці каманд.


Пакуль да біятлоннага стадыёна можна дабрацца толькі ў гумовых ботах. Будаўнічыя работы ў самым разгары. Кожны дзень тут працуюць каля трохсот спецыялістаў і 50 адзінак тэхнікі.


Паклапаціліся не толькі пра спартыўныя пабудовы, але і пра адпаведную інфраструктуру. Колькасць гасцінічных месцаў павялічаць у два разы - да пяцісот; з'явяцца бегавыя дарожкі і футбольнае поле са штучным пакрыццём.


Месцы для гледачоў перанясуць і зробяць больш зручнымі для прагляду спаборніцтваў. Сярод навінак і крыты цір на стрэльбішчы. Аналагаў няма ў свеце. А таму нашым спартсменам нават самае ветранае і пахмурнае надвор'е не саб'е прыцэл.


Масажныя кабінеты, саўна, трэнажорная зала і лячэбныя карпусы. Нягледзячы на тое што Раўбічы прызначаныя для зімовых відаў спорту, улетку спартсмены рыхтуюцца не менш напружана.


Сёлета Раўбічам - 40. Найлепшым падарункам для аматараў і прафесіяналаў спорту стане цалкам адрамантаваны комплекс.