Калектыў найбуйнейшай прыватнай гандлёвай сеткі Беларусі сёння далучыўся да Федэрацыі прафсаюзаў

2 апреля 2015

Больш як 30 тысяч працаўнікоў магазінаў і гіпермаркетаў "Еўраопт" зараз афіцыйна могуць стаць членамі самага масавага прафесійнага аб'яднання краіны. На сходзе сёння абмяркоўвалі ўсе нюансы стварэння першаснай прафсаюзнай арганізацыі на базе "Еўраопт", а таксама выбралі кіраўнікоў гэтага аб'яднання. Ініцыятарамі ўступлення ў прафсаюзы сталі самі працаўнікі больш як 300 магазінаў па ўсёй краіне.

Аксана Герашчанка, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў гандлю: "У нас ёсць падпісаны дагавор на тарыфнае пагадненне з Міністэрствам гандлю, дзе адлюстраваныя ўсе магчымасці льгот і гарантый нашых працаўнікоў, яны пераходзяць у абласныя камітэты і далей у прафесійныя дагаворы".

Прырост прафсаюза працаўнікоў гандлю адразу на 30-тысячны калектыў - гэта не толькі прымнажэнне сацыяльных гарантый, але і пашырэнне прысутнасці Федэрацыі прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі. Толькі летась да прафсаюзных арганізацый далучыліся 3 тысячы працаўнікоў прыватных кампаній.