Караоке, фітнес і рэтратанцы для тых, каму за 50

12 декабря 2013

50 плюс: караоке, фітнес і рэтратанцы. Сёння ў Мінску стартавала выстава-кірмаш для пажылых. Трэці год запар выставачны павільён сталіцы запрашае пенсіянераў на выгадны шопінг. Акрамя прыемных скідак на мясную, малочную і тэкстыльную прадукцыю, людзей паважанага ўзросту запрашаюць завітаць на майстар-класы.


На стэп-аэробіку для пенсіянераў паглядзела Марына Мураўёва.



Альтэрнатыву канапе і тэлевізару сёння прапанавала выстава-кірмаш для тых, каму за 50. Сотні пажылых мінчан накіраваліся ў выставачны павільён для выгаднага шопінгу. 30-працэнтныя скідкі на мяса-малочныя і тэкстыльныя тавары прыйшліся да спадобы напярэдадні навагодніх святаў.


Падчас кірмашу можна адрамантаваць абутак, выбраць пуцёўку ў санаторый, паглядзець фотавыставу і экспазіцыю карцін.


Выстава 50 плюс і сапраўды мае шэраг плюсаў. Прыемныя скідкі на тавары, магчымасць на месцы запісацца ў гурткі паводле інтарэсаў і завітаць у цырульню. Сярод навінак - караоке, фітнес і рэтратанцы.


Традыцыйна поспехам карыстаюцца кансультацыі медыкаў, псіхолагаў і юрыстаў. Для асоб творчых - майстар-класы па бісерапляценні, фларыстыцы і роспісе па шклу. Між тым, не толькі рэалізавацца ў занятку для душы, але і знайсці працу тут таксама магчыма.


Сёння, у дзень адкрыцця выставы, ушаноўваюць сямейныя пары, сумеснае жыццё якіх даўно перасягнула паўвекавы рубеж. Сям'я Шаціла - прыклад для пераймання ў шлюбным даўгалецці. Каханне пачалося яшчэ ў першым класе, прайшло ў чаканні вайну і вось ужо 60 гадоў звязвае мужа і жонку.


Да канца тыдня яшчэ ёсць магчымасць паспрабаваць свае здольнасці ў стэп-аэробіцы або кітайскай гімнастыцы. Для аматараў рэтра: танцавальная гадзіна будзе завяршаць кожны выставачны дзень. Дарэчы, трапіць на кірмаш пенсіянеры могуць бясплатна на грамадскім транспарце.