Cёння Міжнародны дзень медсястры

12 мая 2014

Больш за 100 тысяч беларусаў, больш дакладна, у асноўным беларусак можна сёння павіншаваць з прафесійным святам. Сёння адзначаюць Міжнародны дзень медсястры. Свята прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы пачалося з сустрэчы з тымі, хто вучобу ўжо скончыў. Наведаць родную альма-матар ва ўрачысты дзень прыйшлі некалькі дзясяткаў выпускнікоў каледжа розных гадоў. І, вядома ж, віншаванні ад тых, хто яшчэ вучыцца. Тэатральныя пастаноўкі, песні, танцы і медыцынскі гумар. Белыя халаты хлопцы і дзяўчаты не здымаюць нават на сцэне.


Галіна Грышкевіч, дырэктар Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа: Гэты год для нас асаблівы. Сёлета 96 медыцынскіх сясцёр трэба набраць па мэтавым прыёме. Мэтавы прыём дае вялікую перавагу - гэта асобны конкурс, гэта магчымасць выбраць лепшую лячэбную ўстанову горада Мінска. І, зразумела, для навучэнцаў і абітурыентаў 2014 года гэта немалаважна.


Сёння ў Беларусі больш за 100 тысяч медсясцёр. Чатыры сотні за год выпускае Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Паступаць у яго абітурыенты могуць пасля 11-га класа. Але, як плануе кіраўніцтва, ужо з наступнага года слухачом медыцынскага аддзялення можна будзе стаць і пасля 9-га.