Сучасныя майстры адрадзілі старажытную тэхналогію саломапляцення

20 января 2018

Адразу два майстры з Горацкага раёна атрымалі ганаровае званне "Народны майстар РБ" за захаванне старажытных традыцый саломапляцення. З-пад рук жанчын выходзяць сапраўдныя творы мастацтва. І захапляюцца імі не толькі на выставах і фестывалях, але і далёка за межамі краіны. Наша здымачная група накіравалася ў славутую майстэрню пазнаёміцца з рамеснікамі.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Майстры Горацкага дома рамёстваў гатовыя гадзінамі праводзіць экскурсіі па экспазіцыях музея народнай творчасці. Тут і скрыні, і жбаны, кветкі, лялькі з саломы. І не захаваныя з бабуліных часоў - гэта сучасныя вырабы.

Гэтая саламяная вопратка летась упрыгожвала багіню ўраджаю на свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Сапраўдны твор мастацтва, сплецены з сотні дэталяў. Вынік працы дзясятка майстроў. Сярод суаўтараў і Ірына Хізанейшвілі, якая калісьці выпадкова трапіла у прафесію. Цяпер яна ўсё ведае пра рамяство саломапляцення. Сёлета стала народным майстрам.

Сучасныя майстры адрадзілі і старажытную тэхналогію. Так, замест нітак выкарыстоўваюць карані елкі ці сасны. Пра многія сакрэты майстэрства даведаліся ад бабуль падчас этнаграфічных экспедыцый.

Нават не кожная саломіна падыходзіць для майстра. Тая, што у рулонах у полі, яна і пераспелая, і мятая. Наўрад ці ёй можна нешта ўпрыгожыць. А вось жытняя салома, сабраная падчас жніва, тое, што трэба.

Нават працэс нарыхтоўкі сыравіны адноўлены. Продкі, упэўнены майстры, былі б задаволены такім стаўленнем да прыроды і беларускіх традыцый.

За сезон атрымліваецца назапасіць амаль паўтары сотні снапоў. І гэта толькі саломы. Майстры ж тут працуюць і з лазой, і з карой.

Аднак у Доме рамёстваў ганарацца не столькі захаванымі традыцыямі, колькі зацікаўленасцю ў іх. Шматлікія выставы і фестывалі - лепшая рэклама таго, што можна зрабіць сваімі рукамі. Вось і павялічваецца у раёне колькасць прыхільнікаў народнай творчасці.

Горацкаму дому рамёстваў удалося паспяхова захаваць 14 відаў народнай творчасці. І стаць для раёна сапраўдным цэнтрам духоўнага адраджэння.