Японцы загавораць па-беларуску

7 апреля 2016

Сёлета ў Краіне ўзыходзячага сонца быў выдадзены першы падручнік для вывучэння беларускай мовы азіяцкімі студэнтамі. Аўтары ад Беларусі і Японіі больш за год працавалі над дапаможнікам. Дарэчы, падручнік завецца "Спрабуйма", пагадзіцеся, як бы падштурхоўвае паспрабаваць вывучыць мову. Зараз распрацоўваецца і другая частка дапаможніка. Пра тое, навошта японцам беларуская мова, - Крысціна Страх.

Такую мэту на гэты год ставіць перад сабою японскі студэнт Такашы Кабаяшы. За пяць гадоў у Беларусі малады чалавек паспеў не толькі закахацца ў нашу краіну, але і нават стварыць сям'ю - беларуска-японскую. Зараз жадае вывучыць мову Караткевіча і Коласа, каб калі-небудзь прачытаць геніяльных класікаў у арыгінале. Мову ўжо пачаў асвойваць па падручніку "Спрабуйма".

Таццяна Рамза, аўтар дапаможніка, дацэнт кафедры філалагічнага факультэта БДУ: "Гэта пачатковы курс беларускай мовы, пачаткова-азнаямляльны. Для тых японскiх студэнтаў, якiя ўжо ў пэўнай ступенi валодаюць рускай мовай".

Беларускую мову ў БДУ ўжо вывучаюць 10 японскіх студэнтаў. Спецыяльна для іх Таццяна Рамза і пачала падручнік разам з аспіранткай аднаго з японскіх універсітэтаў Сіёры Кіясава. "Спрабуйма" арыентаваны, у першую чаргу, на Японію - у Краіне ўзыходзячага сонца студэнты ўжо вучаць беларускую мову па падручніку.

Іван Роўда, дэкан філалагічнага факультэта БДУ: "Перыядычна да нас прыязджаюць студэнты на стажыроўку альбо вучыцца. I на працягу хто года, хто пяцi год вывучаюць беларускую мову, беларускую лiтаратуру. Каб наступныя пакаленні японцаў знаёмiлiся з беларускай культурай, з беларускай мовай, мы ствараем вось такiя падручнiкi. I будзем яшчэ і далей ствараць".

Усё пачынаецца традыцыйна з алфавіту, далей фанетычныя правілы і сінтаксічныя нормы. Паводле слоў спецыялістаў, базавы курс беларускай мовы японскія студэнты змогуць асвоіць нават самастойна. Але для лепшага валодання спецыялісты раяць займацца з выкладчыкам.

У канцы года выйдзе другая частка падручніка "Спрабуйма". Японскія студэнты Цукубскага ўніверсітэта ўжо выпрабавалі тэставую версію і занеслі свае папраўкі. Зараз падручнік дапрацоўваецца і дапаўняецца.