Упершыню на афішах няскончаная аповесць Максіма Гарэцкага "Дзве душы"

27 апреля 2016

Прэм'ера ў Купалаўскім. Упершыню на афішах - няскончаная аповесць беларускага класіка Максіма Гарэцкага "Дзве душы"... Спектакль прэзентавалі ў нязвыклым жанры - "сцэны". Месца дзеяння змяняецца практычна імгненна, дзякуючы мабільным дэкарацыям. Адну з самых "мужчынскіх" прэм'ер убачыла Іна Пілевіч.

Незавершаная аповесць ці напалову страчаны раман. “Дзве душы” Максіма Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў беларускай прозы, на пару дапісалі сучаснікі. Уладзіслаў Ахроменка і Максім Клімковіч вылучылі самыя тэатральныя эпізоды твора і дапоўнілі іх урыўкамі з іншых работ беларускага класіка. У выніку 32 фрагменты сталі спектаклем ў жанры «сцэны».

Змена месца дзеяння за некалькі секунд. Усе дэкарацыі прэм'ернага спектакля Купалаўскага тэатра мабільныя - перасоўваюцца на колах.

Сцэна аформленая пад старое фотаатэлье. Бо дзеянне адбываецца на пачатку ХХ стагоддзя - у эпоху чорна-белай фатаграфіі. Падчас спектакля дэманструюцца кінахроніка, а таксама здымкі і дакументы з архіва Радзіма Гарэцкага - пляменніка аўтара Максіма Гарэцкага.

Гісторыя завязваецца вакол падмены карміцелькай немаўлят у панскім доме. Так селянін становіцца панам Абдзіраловічам: сёння гэта прозвішча - хадзячая назва. Атрымлівае выдатнае выхаванне і адукацыю. Але літаральна мае «дзве душы». У няпростыя часы войнаў і рэвалюцый не можа прыняць рашэнне - на чыім баку быць?

“Дзве душы” адзін з самых масавых і «мужчынскіх» спектакляў у рэпертуары Купалаўскага. Да пастаноўкі падключаны студэнты Акадэміі мастацтваў, выхаванцы тэатральных студый і задзейнічаная амаль уся мужчынская частка трупы. Жаночых жа роляў у інсцэніроўцы па Гарэцкім толькі тры.