У Палацы Рэспублікі праходзіць прэзентацыя альбома "Куточак Беларусі" гурта "Аура"

7 декабря 2018

Відавочна, каб стварыць шчаслівую будучыню для краіны, у якой будуць жыць і працаваць нашы дзеці, неабходны цвёрды падмурак. Гэта наша гісторыя, традыцыі, культура, мова. Гэта любоў да Радзімы. Бадай, увесь спектр пачуццяў і эмоцый да роднай зямлі літаральна па нотах увасоблены ў музычным альбоме "Куточак Беларусі". У гэтыя хвіліны на сцэне Палаца Рэспублікі праходзіць прэзентацыя зборніка творчага і сямейнага тандэма Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай. Альбом рыхтавалі цэлы год. Гэта 20 кампазіцый пра вялікую любоў да малой радзімы - прэм'еры і ўжо ўпадабаныя песні. Сярод іх лідар народных чартаў - песня "Крыніцы". Як ствараўся народны праект, раскажа Дар'я Тарасава.

 

Год малой радзімы ў нотах. Складаная гармонія і лёгкае гучанне - прыкладна такі рэцэпт хітоў "Аўры". Колькі песень пра Беларусь было праспявана і напісана для іншых артыстаў, сказаць не бяруцца нават самі аўтары. За доўгія гады ў музычнай індустрыі "Аўра" ўдзельнічала ў нацыянальных адборах на "Еўрабачанне", пісала для дзіцячага песеннага форуму, стварыла гімн да чэмпіянату свету па хакеі. Сваё тварэнне, прасякнутае нацыянальным каларытам, папулярныя саўндмейкеры прэзентуюць на музычнай прэміі "Песня года", тым самым адкрываюць фінальны блок шоу: на суд гледачоў прапаноўваюцца адразу 9 кампазіцый іх новага альбома.

 

Творчы тандэм славіцца тым, што хіты і ўвесь прадакшн песень робіць сам. Не адступілі ад свайго стылю і на гэты раз. "Куточак Беларусі" запісалі і звялі ў сваёй дамашняй студыі. Змест кампазіцый: сумесная праца аўтараў і выканаўцаў. Кожны праспявае пра тое, што блізка - пра родныя мясціны і беларускія краявіды. У альбом увойдуць і драматычныя палотны. Іна Афанасьева выканае песню "Свет адзін на ўсіх". Дарэчы, некаторыя матывы дайшлі да аўтараў за тысячы кіламетраў ад дома. Так, "Сінявокую" для галоўнага сябра краіны Яўген Алейнік напісаў, калі быў у Кітаі.

 

Музычныя прапорцыі самага народнага альбома 50 на 50. У гэтых нотах і cучаснае гучанне, і нацыянальныя гармоніі. Кампазіцыі зборніка запісаны для сімфанічнага аркестра і хору. Над кожным трэкам працавалі да 20 музыкантаў. Пастараліся і абласныя майстры. Аркестравыя аранжыроўкі за Паўлам Карпавым. Альбом загучыць на беларускай і рускай мовах.

 

Песні з новага альбома "Аўры" ўжо знаёмыя слухачу. "Крыніцы" аўтара слоў Юліі Быкавай і галоўны трэк альбома з аднайменнай назвай "Куточак Беларусi" ў гарачай ратацыі на беларускіх радыёстанцыях.

 

Зборнік зможа прэтэндаваць на статус музычнай дапамогі. Паколькі альбом выклікаў цікавасць слухачоў, афармленне адпаведнае. Да дыска будуць прыкладацца ноты твораў. Дызайн музычнага прысвячэння малой радзіме ў распрацоўцы.