У Палацы прафсаюзаў гэтым вечарам шоу 18 плюс

12 марта 2014

Уваход строга па пашпарце. У Мінск з адкрытай танцавальнай праграмай прыехала знакамітае парыжскае кабарэ Crazy horse. Гэта, бадай, адзіныя сур'ёзныя канкурэнты Мулен Руж, у іх складзе ў свой час танцавалі шматлікія селебрыці. З выступлення кабарэ Crazy Horse рэпартаж Паліны Іванча.


Трапіць у трупу можна толькі пасля вельмі строгага кастынгу. Крытэрыі адбору з 1951 года амаль не змяніліся: рост - да 175 см, вага - максімум 52 кг. Пры гэтым прыгажосць павінна быць яшчэ і дыпламаванай. У кожнай танцоркі вышэйшая харэаграфічная адукацыя.


Спектакль Forever crazy створаны спецыяльна для гастрольных тураў - гэта мікс лепшых нумароў за апошнія 60 гадоў. Усе гісторыі напісаныя, зразумела, на харэаграфічнай мове, кожная са сваім сюжэтам.


Фішка праграмы - светлавое шоу, для гэтага задзейнічана сучаснае праекцыйнае абсталяванне. Фізічна танцоркі выступаюць амаль аголенымі, але візуальна і дзякуючы незвычайнаму асвятленню здаецца, што яны апранутыя ў раскошныя касцюмы, туалеты, да ўсяго іншага, змяняюцца з кожным новым нумарам. Абутак для шалёных конікаў, у тым ліку, знакамітыя чырвоныя туфлікі традыцыйна робіць Крысціян Лабутэн, касцюмы ад - Жана-Поля Гацье.


Фьюзі Ладжык, шоу-менеджар тэатра Crazy Horse: Заснавальнік кабарэ быў сапраўдным прыхільнікам амерыканскай культуры. І, каб надаць лёгкі амерыканскі акцэнт тэатру, ён назваў яго ў гонар вядомага скакуна. Але ёсць і іншая версія з'яўлення назвы: танцоркі Crazy Horse славяцца сваімі формамі: ідэальныя выгібы цела і не менш ідэальныя рухі можна смела параўнаць з прыгажосцю і элегантнасцю каня.


У Crazy Horse у свой час танцавалі Дыта фон Тыз, Кармен Электра, Памела Андэрсан. У кожнай дзяўчыны ёсць свой сцэнічны псеўданім. За год танцоркі выкарыстоўваюць 500 літраў касметыкі для цела, 300 флаконаў устойлівай чырвонай памады, 720 пар накладных веек і зношваюць 2,5 тысячы пар панчох. Дарэчы, у грымёрку мужчынам уваход строга забаронены.


60 гадоў кабарэ Crazy Horse не выязджала за межы роднай Францыі, хоць шоу чакалі практычна ў любой краіне свету. І вось толькі тры гады таму танцоркі вырашыліся гастраляваць. Сёння яны ўпершыню ў Мінску. Ад вытанчанасці шалёных конікаў беларусы змогуць атрымаць асалоду яшчэ да 16 сакавіка.