Улад Захар’еў стаў пераможцам конкурсу “Юныя таленты Беларусі”

27 января 2015

Ён даволі даўно стаў пераможцам ледзь не ўсіх абласных вакальных конкурсаў, а нядаўна яму ўпершыню пакарылася і рэспубліканская сцэна. 15-гадовы крупчанін Улад Захар’еў стаў пераможцам конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, які праводзіўся ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”. Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з галасістым юнаком.

У яго рэпертуары выключна лірычныя і эмацыянальныя песні. Улад кажа, такія кампазіцыі ў яго атрымліваюцца лепш за іншыя. Галоўнае для выканаўцы – не толькі прадэманстраваць тэхнічнасць вакалу, але і перадаць адпаведны настрой і энергетыку. І мяркуючы па колькасці дыпломаў, у 15-гадовага Улада Захар’ева ўсё атрымліваецца.

Галоўны слухач, дарадчык, крытык, настаўнік і па сумяшчальніцтве маці Улада Святлана Захар’ева. Жанчына прызнаецца, талент спевака, як гэта нярэдка бывае, адкрыла ў сына выпадкова.

У такім творча-сямейным тандэме ўсе абавязкі падзелены. Улад сам выбірае песні – яго густу і пачуццю маці цалкам давярае. А вось маці адказвае за розныя вакальна-тэхнічныя эксперыменты і спосаб падачы песні. Тым больш што спрабаваць нешта новае гэта сям’я не баіцца.

На апошнім конкурсе прафесійнае журы высока адзначыла талент юнага крупчаніна. Улад нават атрымаў шэраг сур’ёзных прапаноў. А вось звяжа юнак сваё жыццё з музыкай ці пойдзе па іншым шляху – пакажа час.