Віктар Смольскі правядзе майстар-клас у Мінску

26 августа 2013

Адзін з культавых гітарыстаў сучаснасці Віктар Смольскі правядзе майстар-клас у Мінску. На радзіме майстар электрагітары дасць адзіны канцэрт. Сын беларускага кампазітара, аўтара нацыянальнай оперы Сівая легенда, жыве ў Германіі. Сёння гітарыст групы Рэйдж з'яўляецца і тварам сусветна вядомай кампаніі Ямаха. З беларускім віртуозам, вядомым на ўвесь свет, сустрэлася Алена Борматава.


На радзіму Віктар Смольскі прылятае рэйсам з Масквы. Там гітарыст-віртуоз даў сольны канцэрт і дапамагаў журы на паўфінале міжнароднага фестывалю Эйзія біт выбіраць удзельніка ад Расіі. Смольскі гадоў 15 з'яўляецца тварам адной з найстарэйшых карпарацый у свеце - вытворцы акустычных сістэм і музычных інструментаў. Японская кампанія і патрануе гэты найбуйнейшы міжнародны форум.


Віктар Смольскі, музыкант: У наступным годзе хацелася б прыехаць з Рэйдж, таму што ў Рэйдж вялікі юбілей - 30 гадоў. Гэта сур'ёзна. У нас плануецца вялікі двухтыднёвы тур па Расіі, у Кіеве ў нас канцэрт. Мне вельмі б хацелася закончыць тур у родным горадзе.


У камандзе нямецкага рок-гурту Рэйдж Смольскі з 1999-га. Кар'ера ж гітарыста-віртуоза пачалася на радзіме, у ВІА Песняры. Віктар быў самым маладым удзельнікам легендарнага калектыву. Затым стварае хард-рок-групу Інспектар, з якой і адбыліся першыя замежныя выступленні. У якасці запрошанага гітарыста Смольскі супрацоўнічаў з групай Кіпелаў.


З новым аркестравым праектам гурту Рэйдж Смольскі запісаў метал-оперу. Яна мае ўсе шанцы стаць першай у свеце операй у стылі метал на тэатральных падмостках. Зараз вядуцца перамовы з двума тэатрамі Еўропы.


Віктар Смольскі, музыкант: Там 4 вакалісты оперныя. У запісы ўдзельнічалі 2 аркестры. Нашы хлопцы з Беларусі, з Мінска і Барселонскі сімфанічны аркестр. Мы адыгралі некалькі канцэртаў, вельмі паспяхова было.


Дарэчы, Смольскі-малодшы ў складзе Рэйдж для заходняй публікі выконваў на рокавы манер урыўкі з беларускіх опер свайго бацькі Дзмітрыя Смольскага і выступіў суаўтарам дзвюх сімфоній для электрагітары. Так што выключыць з'яўленне на афішах беларускага Вялікага кампазітара Віктара Смольскага таксама нельга.


Вяртанне на радзіму Віктара Смольскага будзе абмежавана ўсяго некалькімі днямі. За гэты час музыкант не толькі сустрэнецца з роднымі і сябрамі. Ён яшчэ дасць майстар-клас для маладых музыкантаў і канцэрт са сталічнай групай у адным з мінскіх клубаў.