Вернісаж мультыплікатара - да 50-годдзя беларускага анімацыйнага кіно

1 апреля 2021
Беларускаму анімацыйнаму кіно - 50. Увесь гэты год пройдзе пад знакам вялікага юбілею. Праекты, прысвечаныя легендарным мультыплікатарам і самым любімым анімацыйным стужкам, пачаліся. 

Напярэдадні ў Музеі гісторыі беларускага кіно прайшла творчая сустрэча з вядомым мастаком-мультыплікатарам, суаўтарам звыш двух дзясяткаў анімацыйных стужак  Алай Мацюшэўскай. У гонар майстра папулярнага кінажанру адкрылі імянную выставу. Якім атрымаўся вернісаж,  убачыла Наталля Бардзілоўская.

Ці то выставачная зала Музея кіно, ці то казачная мульткраіна. І не адразу  вядома, на што глядзець: на эскізы, раскадроўкі, сцэны з гатовых мультфільмаў аўтарства гераіні вечара Алы Мацюшэўскай ці на аздабленне яе работ. Сама па сабе экспазіцыя - абрамленне выставы - шматлікія інсталяцыі, стэнды і вітрыны, фотазона з фантастычнымі арэлямі, чароўным люстрам, міфічнымі кветкамі - ужо сапраўдная падзея. Гэткі вялікі тэатр у невялікай выставачнай прасторы. Удзячнасць за творчасць  мастака-экспазітара мастаку-мультыплікатару.

Для Алы Мацюшэўскай гэтая выстава стала сюрпрызам ад калег. Сама яе не рыхтавала, па вернісажах даўно не ходзіць, не займаецца і актыўнай уласнай анімацыйнай творчасцю, шмат гадоў не ў штаце "Беларусьфільма", але ж  у летапісе нацыянальнай кінастудыі. "Лыжка для салдата", "Несцерка", "Рыбка з імем Нельга" - аўтар аднолькава пераканаўчая ў мастацкім прачытанні як народных казак, міфаў і паданняў народаў свету, так і сусветнай класікі. У двух дзясятках мультыплікацыйных работ Мацюшэўскай і тыя, якія прынеслі ёй славу  ў Еўропе, можа, нават у свеце:  з міжнароднымі фестывальнымі адзнакамі фільмы "Дантэ. Беатрычэ" і "Марк Шагал. Пачатак". Зрэшты, пра свой творчы старт Ала Анатольеўна памятае як пра ўчарашні дзень.

Анімацыйнае беларускае золата Ала Мацюшэўская здабывала ў тандэме з рэжысёрамі Аленай Пяткевіч, Ігарам Волчакам, Міхаілам Тумелем. Самая апошняя з яе работ - "Жук" на музыку Мадэста Мусаргскага з цыкла "Казкі старога піяніна", сумесны праект з Аляксандрам Ленкіным.

Сёлета айчынная мультыплікацыя перагортвае старонку сваёй гісторыі. 50 гадоў з дня заснавання жанру. Любоў гледача як галоўны здабытак. Але больш дакладнае пацвярджэнне поспеху - прызавыя ўзнагароды і прызнанне на міжнародных кінафестывалях і форумах. Золата і Гран-пры  з краін былога Саюза, Францыі, Германіі,Чэхіі і Польшчы. 

У паўвекавой скарбонцы беларускай анімацыі больш за 250 стужак у розных тэхніках: лялечныя, пластылінавыя, маляваныя, пясочныя. Гэта поўны метр і серыялы. Забаўныя, асветніцкія і выхаваўчыя фільмы. А пачыналася ўсё з мультфільма "Нязнайка-паэт" Уладзіміра Голікава. Работа 1971 года.

Сёння той мультфільм пад эгідай творчага аб’яднання "Экран" ужо рарытэт. У арсенале сучасных маладых мультыплікатараў  тэхніка і тэхналогіі, якія адпавядаюць XXI стагоддзю. Флэш-анімацыя, 3D. Але  і стары добры маляваны мультфільм будзе жыць - выснова ад Алы Мацюшэўскай, выстава якой лепшае пацвярджэнне гэтых слоў.