У Віцебску 29-ы раз прагучалі фанфары "Славянскага базару"

16 июля 2020
Прама зараз на галоўнай канцэртнай пляцоўцы ў Летнім амфітэатры праходзіць канцэрт-адкрыццё. Урачыстая цырымонія штогод збірае тысячы гледачоў у Паўночнай сталіцы Беларусі і ля экранаў па ўсім свеце, не гаворачы ўжо аб прэсе. Больш за тры сотні журналістаў атрымалі акрэдытацыю на форуме. Міжнародны музычны форум нясе сур'ёзную сэнсавую нагрузку і штораз апраўдвае давер. Дарэчы, гэты важны сэнс адлюстроўвае дэвіз фестывалю:  "Праз мастацтва -  да міру і ўзаемаразумення". 

З якой мэтай пашырылі галоўную сцэну, чаму артысты застануцца без кветак -  ведае наш карэспандэнт Ніна Мажэйка

Адкрыццё XXIX "Славянскага базару" ў Віцебску

Увага, гаворыць і паказвае Віцебск. Гэту фразу 29 гадоў запар з заміраннем сэрца чакаюць адданыя прыхільнікі фестывалю. І гэта не міф, а цалкам рэальнасць. Што датычыцца інтрыг цырымоніі,  усіх сакрэтаў раскрываць не буду. У гледачоў будзе магчымасць убачыць усё падчас тэлетрансляцыі. Тым не менш, скажу, што сцэну крыху пашырылі. І гэта толькі  плюс для ўсяго шоу. Пераканацца асабіста журналісты маглі на апошняй рэпетыцыі перад вячэрнім канцэртам. Я папрашу рэжысёраў паказаць фрагмент рэпетыцыі. 

Падрыхтоўка да шоу вялася яшчэ з мінулага "Базару". І дарэчы, запрашэнне для зорных гасцей рассылалі прыблізна ў той жа час. Тым не менш, карэктывы ўнесла эпідэмічная сітуацыя. Ад сольных канцэртаў адмовіліся, затое зрабілі праграму фестывалю больш канцэнтраванай. У Віцебск сёлета прыехалі вяршкі. 

Цырымонія адкрыцця "Славянскага базару" ў 22:00 на "Беларусь 1" і "Беларусь 24"

Па перыметры амфітэатра працуюць 15 камер. Гледачам будзе даступная маляўнічая карцінка ў лепшых фестывальных традыцыях. Трансляцыя пачнецца ў 22 гадзіны на тэлеканале "Беларусь 1" і спадарожнікавым "Беларусь 24". Паўтор цырымоніі пакажа трэцяя кнопка 19 ліпеня.

Артысты сёлета застануцца без кветак, прычым па ўласным жаданні. Каб зрабіць знаходжанне на канцэрце больш камфортным і бяспечным, подступы да сцэны абмежавалі. Калі гледачы асабліва жадаюць заахвоціць свайго куміра, гэта можна зрабіць, паўдзельнічаўшы ў акцыі "Букет дабра". Як гаворыцца, міжнародны кругаварот дабра.