У Віцебску прайшло шэсце, прысвечанае "Славянскаму базару"

14 июля 2016

Надвор'е, відаць, заадно са "Славянскім базарам". У Віцебску ў гэтыя хвіліны бязвоблачна. Ужо ўвечары адбудзецца афіцыйнае адкрыццё юбілейнага форуму. А гэтай раніцай цэнтральная вуліца горада роўна на гадзіну ператварылася ў адну вялікую тэатральную пляцоўку. У Віцебску прайшло шэсце, прысвечанае "Славянскаму базару". У ім прынялі ўдзел акцёры, музыканты, танцоўшчыкі. Усяго каля 2 тысяч удзельнікаў XXV фестывалю мастацтваў прайшлі да Летняга амфітэатра, дзе быў узняты флаг "Славянскага базару".

На плошчы лаўрэатаў у Віцебску стала на адну зорку больш. Высокай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і паразумення" ўдастоены Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі. Калектыў пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга даўно стаў брэндам "Славянскага базару". Зараз аркестр знаходзіцца на зорнай алеі ў адным шэрагу з Эдзітай П'ехай, Надзеяй Бабкінай, Сафіяй Ратару, Львом Лешчанкам.

Тым часам да афіцыйнага старту XXV "Славянскага базару" застаецца ўсяго некалькі гадзін. Урачыстае адкрыццё запланаванае на палову дзявятай. У ім возьмуць удзел такія зоркі, як Ала Пугачова, Валерый Лявонцьеў, Ларыса Доліна, Максім Галкін.