У Віцебску дадзены афіцыйны старт XXV юбілейнаму "Славянскаму базару"

15 июля 2016

Гала-канцэрт урачыстай цырымоніі адкрыцця прайшоў пры поўным аншлагу. Удзел у ёй прыняў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы па традыцыі ўручыў узнагароды дзеячам мастацтва, а таксама спецпрэмію "Праз мастацтва - да міру і паразумення".

Расказвае Ілона Красуцкая.

Віцебск нагадвае адзін вялікі тэлецэнтр. Канцэнтрацыя медыйных персон на квадратны метр тут відавочна перавышае разумныя межы. Зрэшты, афіцыйнага старту горад чакаць не стаў: не спіць тры дні і тры ночы. На сцэну Летняга амфітэатра паднялося нямала зорак. Сярод іх Ала Пугачова, Максім Галкін, Сяргей Лазараў і Крысціна Арбакайтэ.

Сталіца культурнага жыцця ЕАЭС і абласны цэнтр з насельніцтвам прыкладна 370 тысяч чалавек падчас "базара" сардэчна прымае яшчэ як мінімум сто тысяч гасцей. Сёлета на "Славянскі базар" у Віцебск прыехала і рэкордная колькасць удзельнікаў - больш за 40 краін. Білеты на канцэрты раскупілі жыхары Кітая, Кіпра і нават Мексікі.

Даўжыня гандлёвай экспазіцыі "Горада майстроў" - як два футбольныя полі. Менавіта самыя прагматычныя госці свята бяруць водпускі і прыязджаюць на некалькі дзён, а то і на ўвесь фестывальны тыдзень. Зрэшты, гэта ўпадабанае месца для шопінгу вядомых персон. Тут іх можна ўбачыць у натоўпе і без аховы.

На галоўную фестывальную пляцоўку напярэдадні прыбыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Удзел Кіраўніка краіны ў цырымоніі адкрыцця - шматгадовая традыцыя. Гэтым разам у вітальнай прамове да гасцей і ўдзельнікаў свята Аляксандр Лукашэнка нямала гаварыў пра адзінства (не толькі славянскае). За чвэрць стагоддзя форум аб'яднаў гледачоў пяці кантынентаў.

Адразу пасля цырыманіялу Аляксандр Лукашэнка прыступіў да ганаровай місіі. Кіраўнік дзяржавы ўручыў Саюзную прэмію ў галіне літаратуры і мастацтва.

Штогод на "Славянскім базары" Аляксандр Лукашэнка ўручае і спецыяльную ўзнагароду - "Праз мастацтва - да міру і паразумення". Артысты пра гэта ведаюць. І, безумоўна, напярэдадні за кулісамі, у грымёрках, ішло бурнае абмеркаванне, хто ж паднімецца на сцэну Летняга амфітэатра па трафей. Але ўзнагарода толькі адна. Сёлета яе ўладальнікам стаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга.

Складана ўявіць "Славянскі базар" без трыа, якое склалася: Спірыдовіч, Бярэзін, Антанюк. І іх надзейны тыл за кадрам - Сяргей Пятроў. Рэжысёр канцэртных праграм, "Залаты Арфей", "Новая хваля"... Яго вопыт маштабных пастановак - гэта новыя сцэнарыі ў Віцебску. На сцэне і за кулісамі канцэртныя касцюмы і сукенкі лаўрэатаў упрыгожыць Ордэн Францыска Скарыны.

Фестываль, які па праве набыў статус нацыянальнага брэнда, яшчэ называюць "алімпіядай мастацтваў". Эпітэт вельмі сімвалічны, бо сярод шматлікіх праектаў ёсць і дзіцячы, і дарослы конкурсы выканаўцаў.

Гуляць давідна Віцебск будзе да 18 ліпеня. Сёння ўвечар на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць топавыя зоркі беларускай і расійскай эстрады.