У сталіцы прайшоў творчы вечар Навума Гальпяровіча

28 апреля 2016

Душа імкнецца да душы… У сталіцы прайшоў творчы вечар знакамітага беларускага пісьменніка, журналіста, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій Навума Гальпяровіча. Пяру аўтара належыць шэраг кніг і паэтычных зборнікаў: «Голас і рэха», «Гэта ўсё для цябе», «Сюжэт для вечнасці» і іншыя. Пачуць новыя творы ў выкананні паэта прыйшлі прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, музыканты, артысты радыё. Яны паўдзельнічалі ў творчай імпрэзе, на словы аўтара прагучалі музычныя творы.

Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання радыёстанцыі «Беларусь», паэт:

«Душа імкнецца да душы" - так называецца гэтая вечарына. І вось імкненне да душы чалавечай, імкненне да таго, каб была еднасць, было сугучча душ, гэта вельмі важна для паэта. Гэта вельмі важна, я думаю, і для чытачоў. І калі сёлета мы гаворым пра тое, што ў нас Год культуры, вельмі важна каб і кніга была ганаровым і пачэсным госцем гэтага Года культуры».

Мерапрыемства прайшло ў рамках гарадскога тэатра паэзіі. Такія літаратурныя вечары праходзяць кожны месяц у бібліятэцы імя Янкі Купалы. Новы фармат творчых сустрэч ладзіць Мінскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.