У Мінску асвойваюць новыя тэхналогіі і спосабы маніторынгу цепласетак

20 января 2016

Сучасныя ПІ-трубы і праверка цеплавізарамі - у Мінску асвойваюць новыя тэхналогіі і спосабы маніторынгу цепласетак. Упершыню слабыя месцы ў вадаправоднай магістралі выяўлялі праз цеплавізар. Самі ж цеплатрасы паступова аднаўляюцца - пераходзяць на сучасныя ПІ-трубы. У самы моцны мароз водныя магістралі захаваюць цяпло ў нашых дамах.

У гэтым пераканаўся Ян Пашкевіч.

Схематычная карта сталічнага трубаправода заўсёды знаходзіцца перад вачыма дыспетчара Мінскіх цеплавых сетак Андрэя Шпакоўскага. Спецыяліст бесперапынна сочыць за працай абагравальных сістэм. Пры любой няспраўнасці, асабліва ў маразы, рэагаваць неабходна неадкладна.

Каб сістэма забеспячэння гарачай вадой не давала збояў, трубы летам праходзяць гідраўлічныя выпрабаванні. У абагравальны ж сезон такія працы немагчымыя. Таму спецыялісты ўпершыню правялі цеплавізійны агляд падземных магістраляў. Высокатэхналагічныя відэакамеры, устаноўленыя ў верталёце МНС Беларусі, літаральна «счытвалі» тэмпературу ў цеплавой сетцы нават скрозь зямлю і паказвалі «слабыя» месцы, дзе труба страчвае «градусы».

Аляксандр Драгун, галоўны інжынер прадпрыемства «Мінскія цеплавыя сеткі»:

"Пры правядзенні гідраўлічных выпрабаванняў не заўсёды атрымоўваецца выявіць вузкія месцы, і цеплавізійная здымка - гэта як адзін з элементаў па падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага перыяду. Павышанае цеплавыдзяленне гаворыць аб тым, што ёсць альбо ўцечка вады, альбо парушана ізаляцыя трубаправода, альбо гэты ўчастак можа быць затоплены".

Падачу цяпла ў кватэры мінчан забяспечваюць тры цеплаэлектрацэнтралі і дзевяць кацельняў.

Андрэй Сухаў, начальнік дыспетчарскай службы прадпрыемства «Мінскія цеплавыя сеткі»:

"Пры марозе мінус 10 тэмпература вады павінна быць амаль 100 градусаў. У трубы яе падаюць пад вялікім ціскам, каб вадкасць не закіпела. Гарачай ваду дазваляюць захоўваць спецыяльныя тэрмашубы".

З цеплаэлектрацэнтралі гарачая вада трапляе ў гарадскія магістралі, амаль 400 км з якіх складаюць сучасныя ПІ-трубы. Вакол металічнага каркаса знаходзіцца да 5 сантыметраў поліўрытанавай цеплаізаляцыі. Такім чынам нават у мінус 20 вада ў такой трубе астуджаецца не больш чым на градус.

Як толькі сыдзе снег, працы па замене труб-старажылаў адновяцца. Іх тэрмін службы - 25 гадоў – скончаны, сучасныя ж пі-трубаправоды праслужаць удвая больш. Пакуль заменена пятая частка сталічнай цеплатрасы.