У сталіцы падвялі вынікі конкурсу буктрэйлераў

2 ноября 2017

Беларуская класіка ў сучаснай інтэрпрэтацыі. У сталіцы падвялі вынікі конкурсу буктрэйлераў. Сёлета яго прысвяцілі 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Натхненнем для творчых груп сталі творы беларускіх класікаў. Школьнікі і студэнты даслалі на конкурс больш за 70 відэаролікаў. Работы паглядзела і Наталля Кузьміцкая.

Загадкавая, таямнічая аповесць Уладзіміра Караткевіча - адзін з самых значных твораў беларускай літаратуры, а фільм рэжысёра Валерыя Рубінчыка, зняты паводле оповесці, лічыцца першым савецкім містычным трылерам.

Гэта адзін з некалькіх дзясяткаў буктрэйлераў «Дзікага палявання караля Стаха», дасланых на конкурс. Стваральнікі відэакліпа вырашылі не адыходзіць ад містычнай фабулы апавядання. Класіку ўвасобілі ў жанры хорар-фільмаў і дадалі сучасных відэаэфектаў.

Ужо трэці год запар конкурс буктрэйлераў, галоўная ідэя якога праз відэарад у адвольнай мастацкай форме вяртаць цікавасць да вядомых літаратурных твораў, збірае самыя арыгінальныя і творчыя работы. Сёлета іх больш за 70.

Крыніцай натхнення для ўдзельнікаў конкурсу стала яго тэма - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Кожная работа - своеасаблівы заклік узгадаць або ўпершыню пазнаёміцца з літаратурным багаццем нашай краіны.

Новае кінапрачытанне атрымаў «Вянок» Максіма Багдановіча, «Жураўліны крык» Васіля Быкава. Акрамя таго, рэжысёры-пачаткоўцы ажывілі на кінастужцы і творы беларускага фальклору.

З кожным годам арганізатары конкурсу адзначаюць прафесійны рост аўтараў, арыгінальныя сцэнарыі іх трэйлераў, мастацкі ўзровень мантажу.

Лепшыя работы перададуць у архіў Нацыянальнай бібліятэкі. Кароткія, ёмістыя відэаролікі будуць натхняць на прачытанне мастацкіх твораў.