Галоўныя падзеі Дня моладзі разгарнуліся на плошчы Перамогі і на пляцоўцы ля Летняга амфітэатра

18 июля 2020
У Віцебску трэці дзень святочнага марафона мерапрыемстваў. На "Славянскім базары" сёння - усё для моладзі. Галоўныя падзеі разгарнуліся на плошчы Перамогі і на пляцоўцы ля Летняга амфітэатра. Увесь дзень насычаны інтэрактыўнымі праектамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Стартавыя нумары ўжо атрымалі ўдзельнікі моладзевага забегу.  Дыстанцыю 6,5 км рыхтуюцца пераадолець каля 300 удзельнікаў. А ўвечары на "Славянскім базары" стартуе акцыя "Моладзевы цягнік". У падарожжа па Беларусі адправяцца каля сотні чалавек. 

На адкрытай сцэне ля канцэртнай залы "Віцебск" рэпеціруюць удзельнікі дзіцячага конкурсу. Напярэдадні прайшла жараб'ёўка. Наша Ангеліна Ламака выступіць пад нумарамі 5 і 13. Міжнароднае журы сёлета ўзначальвае Аляксандр Саладуха.