У Смілавічах адкрылі музейную экспазіцыю і дзіцячы арт-цэнтр

31 октября 2016

Невялікі пасёлак Смілавічы, што ў Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, з насельніцтвам усяго 5 000 чалавек - адзін з асноўных турыстычных маршрутаў. Справа ў тым, што знакамітыя мастакі Суцін і Царфін - ураджэнцы гэтага мястэчка. Тут адкрылі музейную экспазіцыю, прысвечаную землякам. А нядаўна і дзіцячы арт-цэнтр "Вулей". Падрабязней Алена Борматава.

Арт-цэнтр для дзяцей у Смілавічах - прыклад партнёрства дзяржавы і прыватнага бізнесу. Методыку распрацоўваў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Прыватны бізнес дапамагае ў правядзенні экскурсій для дзяцей і арганізацыі майстар-класаў ад вядомых айчынных мастакоў.

Выяўленчая студыя ў Смілавічах працуе дзесяць гадоў. І першакласнікі, і выпускнікі стартавалі з агульнай для ўсіх праграмы - акадэмічнага малюнка. Тры гады таму перагледзелі падыходы і асноўным напрамкам зрабілі мастацкае бачанне дзяцей.

Смілавіцкі “Вулей” на манер знакамітага парыжскага мастацкага асяроддзя - гэта прастора для дзяцей, дзе няма ніякіх абмежаванняў ні ў творчых тэхніках, ні ў мастацкіх жанрах. Абсалютная свабода для фантазіі дзяцей. І такая педагагічная методыка паспрыяла высокім конкурсным дасягненням. 38 пераможцаў у міжнародных творчых спаборніцтвах. І гэта толькі за адзін год.

І ўсё пасля карэкціроўкі методык. Адышлі ад акадэмізму і сталі абапірацца на магчымасці і погляд кожнага дзіцяці.

Мастацкі канон вітаецца толькі ў асноўных прынцыпах жывапісу - кампазіцыі і перспектыве твора. У астатнім - ад каларыстыкі да гульні святла і ценю - гэта творчасць.

На кожнае дзіця, якое займаецца ў арт-цэнтры «Вулей», заводзіцца партфоліа, дзе збіраюць усе яго работы за год. Сюды ж уносяцца звесткі пра ўдзел у міжнародных конкурсах і перамогах. І па выніках творчага года лепшага ўзнагародзяць паездкай у Парыж.