У памяць пра Максіма Багдановіча на паўднёвым узбярэжжы Крыма гучалі яго вершы

25 мая 2017

Важная дата ў гісторыі краіны. Сёння ўвесь свет успамінае вялікага паэта беларускага Адраджэння. Роўна сто гадоў таму не стала Максіма Багдановіча. Ён пайшоў, але яго талент і спадчына будзе жыць вечна. Бо за кароткі час знакаміты рамантык пакінуў вялікі след у гісторыі і літаратуры свайго народа. У памяць пра паэта сёння не толькі ў Беларусі, але і на паўднёвым узбярэжжы Крыма, з якім цесна звязаная біяграфія пясняра, гучалі яго вершы, у храмах гарэлі свечкі, а да помніка неслі кветкі. Наталля Бардзілоўская прадоўжыць.

Ён пражыў усяго 25, але паспеў стаць патрыярхам нацыянальнай літаратуры. Усенародна любімы Багдановіч на радзіме ў сукупнасці пражыў не больш за 5 гадоў, узрастаў у асяроддзі чужых традыцый, але сам сябе ўсё жыццё лічыў беларусам і здолеў для сучаснікаў стаць і для нашчадкаў застацца паэтам выключнай беларускасці. Аўтар вершаванай лірыкі, якая яшчэ пры жыцці разышлася на цытаты, а сёння пазнавальна гучыць у песнях. Ён нарадзіўся вось прыкладна тут, на Траецкай гары, насупраць Тэатра оперы і балета. А пайшоў з жыцця на чужыне, у Ялце.

Крым быў надзеяй паэта, які пакутваў ад сухот. Спадчынная хвароба, ад яе памерла маці Максіма і яго брат. Паўднёвае ўзбярэжжа Чорнага мора беларускі класік наведваў двойчы: першы раз у 1909, калі сына на малочную ферму Аўткі ўладкаваў бацька. Тады Максіму стала лепш. Другая і перадсмяротная паездка паэта ў Крым - у сакавіку 1917. Грошы на лячэнне хворага сябра збіралі мінскія літаратары на чале са Змітраком Бядулем. Ніхто і не думаў пра апошняе развітанне.

Адпеты па праваслаўнай традыцыі ў ялцінскім Аляксандра-Неўскім саборы Багдановіч быў пахаваны на адным з самых старых могілак горада. Да 20-х на яго магіле стаяў крыж, потым атэізм, і помнік з чырвонай зоркай. У 2003 годзе на месцы пахавання паэта стала сама постаць класіка - вось гэтая скульптура беларусаў, бацькі і сына Гумілеўскіх. На дзень нараджэння і дзень смерці Багдановіча тут ужо не першае дзесяцігоддзе збіраецца грамадства - ялцінцы і беларусы, прыезджыя і мясцовыя. Беларуская дыяспара Крыма сочыць за помнікам, навяшчае яго на Радаўніцу, лічыць гэтае месца тым кавалачкам роднай зямлі, які аб’ядноўвае землякоў і нясе імя Багдановіча да іншых народаў.

Чаму ж ён там? На пахаванне сына не змог прыехаць бацька, ішла Першая сусветная вайна. Таму Багдановіча пахавалі па-за мяжой. Потым не раз хадзілі чуткі пра перанос праха. Але, як вядома, прамога запавету быць пахаваным на Беларусі сам паэт не пакінуў. І ўсё ж Багдановіча сімвалічна перанеслі на радзіму.

Намаганнямі духоўнай дэлегацыі беларусаў у Мінск была дастаўлена капсула са жменькай той самай ялцінскай зямлі з магілы паэта. Яна закладзена ў крыпце Усіхсвяцкага храма-помніка.