У Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся вернісаж беларускай сакральнай творчасці

29 сентября 2016

Каталіцкі Захад і праваслаўны Усход - у самабытным почырку беларускага іканапісу. Унікальнае спалучэнне царкоўнага мастацтва розных канфесій сёння прэзентавалі ў Мінску. У Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся вернісаж беларускай сакральнай творчасці. Гэтая падзея яшчэ раз падкрэслівае талерантнасць нашай краіны да розных веравызнанняў. На выставе - абразы, алтарныя карціны, мастацкае ткацтва і прадметы літургіі. Самаму старажытнаму экспанату - больш як 5 стагоддзяў. Ядро гэтай калекцыі з трыумфам выстаўлялася ў Ватыкане ў маі гэтага года. Штодня экспазыцыю наведвалі амаль 30 тысяч чалавек. На радзіме паспяховы праект дапоўнілі маштабнымі творамі, якія па прычыне велічэзных памераў было немагчыма паказаць за мяжой. А таксама ўпершыню ў музейных залах - неадрэстаўрыраваныя малюнкі святых. Публіка можа ацаніць абразы, адноўленыя фрагментарна. На некаторых творах наўмысна пакінутыя зандажы, каб прадэманстраваць ювелірнасць працы рэстаўратараў.

Да свята сакральнага мастацтва далучылася і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Дызайнерамі Белпошты створаны паштовы блок, на якім прадэманстраваныя абразы, ушанаваныя праваслаўнымі і каталікамі.