У Маладзечне стартуе Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

8 июня 2018

Сёння ў Маладзечне стартуе 18-ы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Музычнае свята сёлета будзе прысвечана Году малой радзімы і 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка. Форум адкрыецца канцэртам "Мелодыя лёсу", куды ўвойдуць песні кампазітара. Па традыцыі на сцэне выступіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраваннем Міхаіла Фінберга.

Ірына Дрыга, намміністра культуры Беларусі: "Тэма малой радзімы чырвонай стужкай пройдзе праз усе мерапрыемствы. У Ігара Міхайлавіча Лучанка шмат песень, якія прысвечаны розным куткам Беларусі, нават там прагучыць песня, прысвечаная яго малой радзіме - Мар’інай Горцы. Таксама будуць адмысловыя выставы, прысвечаныя гэтай падзеі, - гэта як раз выстава мастакоў маладзечанскай зямлі. Гэтаму будзе прысвечаны спектакль “Вечар” Маладзечанскага абласнога драматычнага тэатра. Песні, прысвечаныя малой радзіме, прагучаць у канцэрце закрыцця і астатніх канцэртах".

У рамках фестывалю "Маладзечна-2018" пройдзе Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай песні. Па выніках будзе вызначаны ўладальнік Гран-пры і прыза Уладзіміра Мулявіна.