У Мінску завяршыўся Беларускі тыдзень моды

17 ноября 2014
Фінальным акордам дэфіле ад куцюр стаў паказ дэбютнай лініі адзення Вольгі Барабаншчыкавай. За шэсць дзён Мінск убачыў больш як 40 калекцый беларускіх дызайнераў і гасцей з Расіі, Італіі, Германіі, Латвіі, Эстоніі і Арабскіх Эміратаў.

Апошнія хвіліны самай стыльнай падзеі ў жыцці сталіцы - у рэпартажы Паліны Іванчы.
У сукенцы ад Candy Lady - гэта назва новага беларускага брэнда - любая дзяўчына, прызнаюцца стваральнікі, ператвараецца ў цукерку. З прыгожай абгорткай і смачнай начынкай. Паказам дэбютнай лініі адзення Вольгі Барабаншчыкавай напярэдадні завяршылася самая стыльная падзея ў жыцці сталіцы - Беларускі тыдзень моды.


У калекцыі 36 вобразаў: офісныя касцюмы, кактэйльныя сукенкі і вячэрнія ўборы да падлогі мяккіх пастэльных адценняў. Усю тканіну Вольга Барабаншчыкава прывезла з Мілана, у сезоне вясна-лета - 2015 спявачка і тэлевядучая ўпадабала бавоўну, шоўк, карункі, джэрсі, скуру і купро.
Вольга Барабаншчыкава, спявачка, тэлевядучая: Candy lady - я бачу дзяўчыну жаноцкую, мэтанакіраваную, у якой такі вельмі актыўны лад жыцця, яна сэксуальная, яна далікатная, паветраная, вясёлая.
За гэтыя шэсць дзён Мінск убачыў больш за 40 дызайнерскіх прапаноў для вяснова-летняга сезона - як беларускіх куцюр'е, так і гасцей з Расіі, Італіі, Германіі, Латвіі, Эстоніі, Арабскіх Эміратаў. Гэтую калекцыю прывезлі на беларускі подыум з Тбілісі. У кожнай сучаснай дэталі адзення тут чытаецца старажытная грузінская культура. Прынты музейных экспанатаў харэаграфічнага арту, элементы ўзораў нацыянальнага касцюма. Нават музычны фон - рэмікс грузінскага фальклору ў выкананні ансамбля Самеба.


Цінацін Магалашвілі, дызайнер (Грузія): Я ўжо трэці раз выступаю на Беларускім тыдні моды. І я заўсёды прыязджаю з задавальненнем, калі мяне запрашаюць. Вось, што мне падабаецца ў вашай модзе, у вас вельмі развіта вытворчасць. Калі я захаджу ў вашы магазіны, там напісана: Зроблена ў Беларусі, і я вам зайздрошчу.


Што ж датычыцца модных тэндэнцый, то на гэты конт дызайнеры адмоўчваюцца, а меркаванні гасцей - як заўсёды разыходзяцца:
Манахромныя лукі, скажам, аранжавая сукенка, аранжавыя туфлі - вельмі добра. Вельмі спадабаліся паліто oversize - гэта цікава і падыходзіць жанчынам з любой фігурай.


Карункі ў спалучэнні з мехам, пэўна, і, вядома, шоўк, элегантныя сукенкі да падлогі.
Нацыянальныя матывы, арнаменты.


Камбінезоны і штаны свабоднага крою, вырабы з мяккай скуры, гарошак і пышныя рукавы - гэта прагнозы на лета. А вось што насіць зімой ужо 2016 года - беларускія модніцы даведаюцца ў красавіку. Паводле слоў арганізатараў, у юбілейным, дзясятым, сезоне яны гатовыя зрабіць і паўнацэнныя 7, і нават 12 дзён моднага шоу.