У Мінску сустракалі Юрыя Башмета

28 сентября 2015

Народны артыст Расіі і аўтар знакамітага фестывалю па традыцыі асабіста адкрывае міжнародны музычны форум. А сёлета ён юбілейны - дзясяты.

Зносіны з беларусамі Башмет пачаў з прэс-канферэнцыі, на якой падвёў галоўныя вынікі першага фестывальнага дзесяцігоддзя і падкрэсліў аўтарытэт форуму ў свеце. Тут жа журналісты мелі магчымасць пагутарыць і з Канстанцінам Хабенскім - папулярным акцёрам, які ўжо другі раз выступае ў фестывальным тандэме з Башметам. Для адкрыцця форуму артысты сумесна з аркестрам "Новая Расія" і салістамі Марыінскага тэатра падрыхтавалі арыгінальную музычна-драматычную пастаноўку на аснове оперы "Яўген Анегін" - прысвячэнне 175-годдзю з дня нараджэння выбітнага рускага кампазітара Пятра Ільіча Чайкоўскага.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося на сцэне Палаца Рэспублікі. Асноўнай жа пляцоўкай двух наступных тыдняў форуму стане Вялікая зала Белдзяржфілармоніі. Тут выступяць як зоркі сусветнага ўзроўню (аўстрыйскі саліст і дырыжор Юліян Рахлін агучыць скрыпку Страдывары), так і маладыя таленты. Заўтра ў праграме фестывалю гала-канцэрт студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі і стыпендыятаў фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. На афішы форуму і два нечаканыя праекты: канцэрт "Класіка сустракае фолк" і "Парад аркестраў".