Роўна за 40 дзён да пачатку "Еўрабачання" ў Мінску пачалі здымаць візітоўку беларускага ўдзельніка

31 марта 2016

Каб падрыхтаваць відэа, якое прэзентуе нашага артыста Ivanа і пазнаёміць усю Еўропу з нашай краінай, на 2 дні прыляцела здымачная група са Швецыі. Для прэзентацыі давялося шукаць у Мінску і сапраўднага ваўка.

Ці ўдалося зрабіць селфі з дзікім зверам, распавядзе Яўген Перлін.

Сёлета візітоўку Беларусі для "Еўрабачання" здымалі як ніколі позна. Але карцінку гэта зрабіла толькі больш прыгожай. Ролік павінен падкрэсліць сувязь з прыродай - вобраз Ivanа - беларускага прадстаўніка на еўрапейскім шоу.

На сцэне "Еўрабачання" Ivan тварам да твару сустрэнецца з ваўком. І візітоўка, якую гледачы ўбачаць перад выхадам артыста на сцэну, падрыхтуе вас да гэтай сутычкі.

Прадзюсары "Еўрабачання" кожны год змяняюць канцэпцыю відэавізітовак - звязваюць іх з турызмам, сімваламі краін-удзельніц. Зараз кожнага артыста пакажуць сапраўдным - якія яны ў жыцці. Ivan - дзёрзкі, упэўнены, але з усмешкай...

Знайсці агульную мову з жывёлінай дапамагла песня. Ivan спачатку спрабаваў імітаваць воўчае выццё, а затым праспяваў і свой хіт.

Але гэтага аказалася мала, і гаспадар звера пусціў у ход цяжкую артылерыю - хатнія катлеты.

Падрыхтоўкай роліка займаецца здымачная група той краіны, якая прымае конкурс. Са Швецыі ў Мінск прыехалі тры маладыя хлопцы - рэжысёр, аператар і асістэнт.

Георг Бунгард, тэхнічны асістэнт здымачнай групы: "Мы пакажам некалькі відэапартрэтаў кожнага выканаўца. Сёлета мы выкарыстоўваем вельмі крутую сістэму стабілізацыі для камеры. І гледачу будзе здавацца, што ён лятае вакол нашага героя".

Яшчэ чатыры такія крэатыўныя здымачныя групы ў гэтыя дні катаюцца па Еўропе. Гэтыя хлопцы сёння ноччу ляцяць у Любляну, каб зняць ролік для Албаніі. А беларускую візітоўку мы зможам убачыць толькі 12 мая падчас другога паўфіналу, калі і выступіць Ivan.