У Мінску прэзентавалі факсімільнае выданне знакамітага Баркалабаўскага летапісу

6 февраля 2014
Ці могуць старажытныя пісьмёны скласці канкурэнцыю сучасным бестселерам? У Мінску сёння прэзентавалі факсімільнае выданне знакамітага Баркалабаўскага летапісу. Гістарычны шэдэўр быў створаны больш як 400 гадоў таму, яго арыгінал знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея, а сёння старажытны рукапіс можа прачытаць кожны.

Пад вокладку кнігі зазірнула наш карэспандэнт Паліна Іванча.


Гэта вёска Баркалабава: менавіта тут, усяго за кіламетр ад Быхава, 4 стагоддзі таму беларускім хуткапісам напісаная кніга, якой наканавана было стаць нацыянальнай рэліквіяй. Вось ужо шмат гадоў знакаміты Баркалабаўскі летапіс захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. А сёння помнік вярнуўся ў Беларусь - факсімільнае выданне старажытнага рукапісу прэзентавалі на міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску.


Першыя фрагменты летапісу былі апублікаваныя ў 19 стагоддзі. Час ад часу летапісны збор друкаваўся ў газетах і энцыклапедыях. З тых часоў свет прачытаў толькі трэцюю частку ўсіх запісаў, зробленых у пачатку 17 стагоддзя. Факсімільнае выданне - гэта першая спроба тыражаваць рэліквію ў поўным аб'ёме.


Аляксандр Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: На працягу года праводзілася работа супрацоўнікамі Інстытута мовы і літаратуры з аднаго боку, а з другога боку выкладчыкамі Акадэміі ўнутраных спраў па вывучэнні тэксту Баркалабаўскага летапісу.


Зводкі літоўскіх і польскіх сеймаў, атакі Івана Грознага на ВКЛ, паходы Лжэдзмітрыяў і побыт простых жыхароў Мінска і Оршы - усё гэта і не толькі амаль на 350 старонках друкаванай копіі зараз зможа прачытаць кожны беларус.


Лічыцца, што каштоўныя летапісныя запісы зрабіў манах Баркалабаўскага манастыра Фёдор Філіповіч, хоць вакол аўтарства кнігі, ды і яе назвы, дагэтуль застаецца шмат загадак. Ёсць нават меркаванне, што летапіс быў напісаны рукой Мялеція Сматрыцкага.


Першымі зазірнуць пад вокладку факсімільнага выдання атрымалася жыхарам сучаснага Баркалабава. Кнігу прывезлі да Дня беларускай пісьменнасці ў Быхаў. У гэты ж дзень у цэнтры горада на Кастрычніцкай плошчы афіцыйна з'явіўся свой Баркалабаўскі летапіс, праўда, з алюмінія і крэмнія. Двухметровая разгорнутая кніга назаўжды ўвекавечыла памяць старажытнага беларускага летапісу.


Факсімільны том існуе ўсяго толькі ў 99 экзэмплярах, іх ужо выкупілі айчынныя і замежныя бібліятэкі. Адаптаваная ж версія ўбачыла свет ў колькасці 1000 кніг. Набыць іх, дарэчы, можа абсалютна кожны. У свабодным доступе застаецца яшчэ 200.